Прэзідэнт Малдовы Мая Санду прыехала ў Бучу

Ва Украіну на саміт з нагоды гадавіны дэакупацыі Бучы прыбылі прэзідэнт Малдовы Мая Санду, а таксама кіраўнікі ўрадаў Славакіі, Славеніі і Харватыі Эдуард Гегер, Роберт Галаб і Андрэй Пленкавіч, піша Бі-бі-сі.

31.03.2023 / 15:20

Фота: twitter.com/sandumaiamd

«Сёння народ Малдовы і я разам з сусветнай супольнасцю ўспамінаем тэрор, якому год таму падвергліся мірныя жыхары Бучы. Мы шануем памяць нявінных і смуткуем пра іх. Дэмакратычныя краіны павінны працаваць разам, каб гэтыя злачынствы былі расследаваныя і пакараныя», — напісала Санду ў твітары.

Інфармацыя аб правядзенні саміту не была публічнай, а візіты замежных лідараў не анансавалі.

Візіт Санду праходзіць на фоне пагаршэння адносін Расіі і Малдовы. Санду правяла сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Падчас перамоваў Зяленскі падкрэсліў, што абедзве дзяржавы падвяргаюцца пагрозам, у аснове якіх — агрэсія РФ і расійская палітыка, таму агульнымі павінны быць і адказы Украіны і Малдовы на гэтыя пагрозы, гаворыцца на сайце прэзідэнта Украіны.

Таксама Зяленскі правёў сустрэчу з прэм'ерам Славеніі Робертам Галабам.

Прэзідэнт Украіны адзначыў важнасць нядаўняга рашэння ўрада Славеніі аб прадастаўленні новага пакета ваеннай дапамогі Украіне. Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўвалася «еўрапейская і еўраатлантычная інтэграцыя» Украіны.

Чытаць таксама:

Мая Санду: Расія хоча выкарыстоўваць Малдову гэтак жа, як і Беларусь

Дзяржаўнай мовай Малдовы замест малдаўскай стала румынская

Санду: Малдову абараняе не нейтралітэт, а армія Украіны

Nashaniva.com