У Ліване браканьеры страляюць буслоў дзеля забавы

Калі для нас буслы з'яўляюцца сімвалам міру і шчасця і мы нецярпліва чакаем іх вясной, то ў іншых частках свету яны зʼяўляюцца аб'ектам забавы самага нізкага ўзроўню, піша Gazeta.pl. Браканьеры ў Ліване накіроўваюць зброю ў неба кожны раз, калі бачаць у ім буслоў.

05.04.2023 / 17:40

Фота: facebook.com/CABSREPORTS

Пра гэтую ганебную практыку, папулярную у гэтай невялікай блізкаўсходняй краіне, паведамляе Камітэт супраць забівання птушак (CABS), які адсочвае незаконны адстрэл буслоў.

«Цяжка паверыць, але буслоў, якія спрабуюць вярнуцца на месца гнездавання, у Ліване масава адстрэльваюць браканьеры», — напісана на старонцы арганізацыі ў фэйсбуку.

У Ліване да адстрэлу буслоў ставяцца як да забавы. Ліванскія сілы бяспекі арыштавалі аднаго чалавека пасля таго, як актывісты ўбачылі, як група браканьераў страляла ў чараду з каля 500 буслоў. Было яшчэ шмат падобных інцыдэнтаў, расследаванне працягваецца.

Бернард Абі Надэр, ветэрынар, які падрыхтаваў справаздачу аб сітуацыі з мігруючымі птушкамі ў Ліване для Камітэта супраць забівання птушак (CABS), патлумачыў у інтэрвʼю, апублікаваным на сайце bociany.pl, што птушак забіваюць не для спажывання.

«Іх забіваюць паляўнічыя-аматары, якія вельмі маладыя і не маюць ведаў аб паляванні. Яны лічаць паляванне забаўкай, гульнёй (…).

Паляванне зʼяўляецца часткай ліванскай культуры, але часцей за ўсё самым вялікім поспехам яны лічаць адстрэл птушак, якія ахоўваюцца. Аднак гэта прыводзіць да канфлікту паміж эколагамі і паляўнічымі», — растлумачыў ветэрынар.

Бернард Абі Надэр растлумачыў, што хоць паляванне на буслоў у Ліване забароненае з 2004 года, забарона не выконваецца. «Людзі не паважаюць і недаацэньваюць гэтых птушак», — падкрэсліў ліванец.

Чытайце таксама:

У пошуках ежы буслы выйшлі на палескія дарогі ФОТА і ВІДЭА

Як жыхары вёскі ў Крычаўскім раёне прытулілі на зіму бусла 

На Палессі пабачылі першых буслоў, што прыляцелі з выраю. Сёлета яны вярнуліся раней, чым звычайна

Nashaniva.com