Армія Ізраіля ўслед за сектарам Газа атакавала Ліван

Ізраільская армія (ЦАХАЛ) наносіць удары па тэрыторыі Лівана, паведамляецца ў твітары Узброеных Сіл. Вайскоўцы ўдакладнілі, што атакавалі «аб'екты інфраструктуры і аб'екты тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС» на поўдні Лівана.

07.04.2023 / 07:33

Фота: AP Photo/Fatima Shbair

Тэлеканал Al Hadath паказвае, што гаворка ідзе пра раён горада Цір. Паводле звестак яго крыніц, ВПС Ізраіля нанеслі шэсць ракетных удараў.

Акрамя таго, ЦАХАЛ пачала новую атаку на сектар Газа, гаворыцца ў твітары арміі. Першая была крыху раней ноччу 7 красавіка, у выніку ўдараў былі знішчаныя два тунэлі і два аб'екты па вытворчасці зброі ХАМАСа. Падчас другога ўдару быў атакаваны падземны завод, дзе выпускалі ўзбраенні, яшчэ тры аб'екты па вытворчасці зброі і тунэль, удакладніла ізраільская армія.

Напярэдадні, 6 красавіка, з боку Лівана па поўначы Ізраіля былі выпушчаныя 34 ракеты, 25 з іх збіла сістэма СПА «Жалезны купал». Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху пасля гэтага паабяцаў, што краіна адкажа «любым ворагам».

ЦАХАЛ абвінаваціла ў атацы палесцінскую групоўку ХАМАС, саюзнікам якой з'яўляецца дзейная ў Ліване шыіцкая групоўка «Хезбала». Афіцыйныя ўлады Лівана ўдар асудзілі.

Nashaniva.com