У Гомелі збіраліся будаваць аквапарк, але замест яго паўстане аб'ект «Газпрама»

Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў расказаў пра перспектывы будаўніцтва аквапарку ў Гомелі. Участак пад яго быў зарэзерваваны яшчэ ў 2013 годзе, аднак да гэтага часу так і не знайшлі інвестара. Цяпер жа, як выглядае, планы ўвогуле памяняліся, піша «Флагшток».

07.04.2023 / 23:07

Участак, выдзелены 10 гадоў таму пад будаўніцтва аквапарку ў Гомелі

На пачатковым этапе праект Гомельскага аквапарку прадугледжваў наяўнасць басейна, фітнэс-клуба, сцяны для скалалажання, парных і сухіх саунаў, комплексу атракцыёнаў, водных горак, трэнажорнай залы, сеткі дробнарознічнага гандлю, кропак харчавання, уключаючы міні-бары на вадзе, кафэ і рэстараны. Агульны кошт праекта ацэньваўся ў 14 млн даляраў.

Яшчэ ў мінулым годзе былы інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук называў будаўніцтва аквапарку адным з найбольш перспектыўных месцаў прыцягнення інвестыцый у Гомель, тады ж адбыўся аўкцыён па продажы права арэнды зямельнага ўчастка. Аднак неўзабаве пакупнік адмовіўся ад рэалізацыі здзелкі.

Сёння старшыня гарвыканкама Уладзімір Прывалаў у перспектывы знаходжання інвестара пад такі праект ужо не верыць. Паводле яго, самы рэальны выхад на сёння — пабудаваць спартыўна-аздараўленчы комплекс з аквазонай, а аматарам водных забаў чыноўнік парэкамендаваў ездзіць у Мінск.

Таксама чыноўнік паведаміў, што цяпер вядуцца перамовы аб будаўніцтве аб'екта з удзелам «Газпрама».

Nashaniva.com