Былая жонка Пуціна ўзбагацілася на вайне, якую той развязаў. Яна зарабіла на мікракрэдытах для простых расіян

Мікрафінансавая арганізацыя Людмілы Пуцінай за год павялічыла прыбытак на 140 млн расійскіх рублёў, піша канал «Можем объяснить».

10.04.2023 / 11:05

Уладзімір і Людміла Пуціны развяліся ў 2013 годзе. Разам яны пражылі 30 гадоў

Закрэдытаванасць расіян дасягнула рэкорднага ўзроўню — у ваенны год фінансавыя кампаніі выдалі пазык на рэкордныя 27 трлн расійскіх рублёў. На даўгах простых людзей зарабіла і былая жонка расійскага прэзідэнта — Людміла Ачарэтная (былая Пуціна). Звязаная з ёй фірма «КарМані» (CarMoney) па выніках 2022 года зарабіла рэкордныя 391,3 млн расійскіх рублёў. Яе чысты прыбытак вырас на 66% у параўнанні з мірным часам, вынікае з справаздачнасці, якую паглядзеў МО. CarMoney выдае пазыкі пад заклад аўто.

Пуціна-Ачарэтная асабіста атрымала ад CarMoney 58 млн рублёў у 2022 годзе. Пра гэта гаворыцца ў аўдытарскім заключэнні да фінансавай справаздачнасці. Выплаты былі ажыццёўлены праз уладальніка мікрафінансавай арганізацыі — гэта кіпрскі афшор Carmoney CY LTD. Ён кантралюецца кампаніяй «Мерыдыян», 99% у якой належаць былой жонцы расейскага прэзідэнта.

За два дні да Новага года афшор Ачарэтнай перастаў быў уладальнікам CarMoney. Кампанія сышла ў расейскую юрысдыкцыю, а яе новым уласнікам стала ТАА «Смарттэхгруп». Так кампанія вырашыла сысці ад эканамічных санкцый з боку Еўрасаюза (сама Ачарэтрная ўжо знаходзіцца пад абмежаваннямі некаторых краін). Але экс-жонка Пуціна магла захаваць за сабой кантроль над фірмай, піша выданне.

Nashaniva.com