Аблава на заводзе «Нафтан-Палімір» — дзесяць працаўнікоў арыштаваныя

Ім пагражаюць крыміналкай і звальненнем.

18.04.2023 / 17:36

Знешні выгляд «Паліміра». Фота: «Наваполацк сёння»

Пра аблаву на заводзе «Палімір» не пісалася ў СМІ, але пра яе стала вядома з паведамлення афіцыйнага закрытага канала завода. Затрымалі дзесяць працаўнікоў завода і ўсім ім прысудзілі арышт — ад 10 да 30 сутак, у асноўным за рэпосты (па артыкуле 19.11). 

Скрыншот з афіцыйнага канала завода «Нафтан-Палімір пра галоўнае»

У канале пішуць, што затрыманыя працаваць на заводзе болей не будуць. «Амаль напэўна гэтыя людзі будуць звольненыя са сваіх прадпрыемстваў, бо арышт не з'яўляецца ўважлівай прычынай для адсутнасці на працоўным месцы», — пішуць аўтары канала. А некаторым пагражаюць крымінальнай справай:

«Праваахоўнымі органамі некаторым з затрыманых будзе дадзеная дадатковая крымінальна-прававая ацэнка, бо ў іх дзеяннях угледжваюцца прыкметы ўчынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, пакаранне за якія прадугледжвае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 12 гадоў», — сцвярджае адміністрацыя «Паліміра».

Пасля гэтага адміністрацыя прадпрыемства, акрамя маралізатарства, заклікае працаўнікоў адпісацца ад «экстрэмісцкіх» каналаў, а таксама праглядзець свае сацыяльныя сеткі і сеткі сваякоў на прадмет наяўнасці «чагосьці падазронага».

«Сумняваецеся? Лепш выдаліце! Горш будзе, калі ўсе застануцца абыякавымі і будуць спадзявацца толькі на ўдачу» — падсумоўваюць аўтары завадскога канала.

Нагадаем, на «Паліміры» працаваў адзін з фігурантаў справы «Рабочага руху» Аляксандр Капшуль. Таксама гэта не першая аблава на прадпрыемстве.

Чытайце таксама:

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

«Людзі даведзеныя да кропкі». Звольненая Вольга Брыцікава — пра стачку і настроі на «Нафтане»

Дзяўчыну з Круглага затрымалі адразу пасля выпускнога. Пасля начэй на голых дошках да яе прыязджала хуткая

Nashaniva.com