Ва ўцечках Пентагона ёсць інфармацыя аб эксперыментальнай расійскай зброі, якая выкарыстоўвалася супраць заходніх спадарожнікаў над Украінай
Яна была накіравана супраць сістэмы Starlink Ілана Маска
19.04.2023 / 08:57
Фота: Starlink
Збоі ў працы сувязі, GPS, і, асабліва, спадарожнікавай сістэмы Starlink падчас вайны ва Украіне маглі быць звязаны з выкарыстаннем Расіяй эксперыментальных сістэм радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) «Табол». Пра гэта паведаміла выданне The Washington Post са спасылкай на злітыя засакрэчаныя дакументы Пентагона.
Паводле ўцечкі, расійскія сістэмы пастаноўкі перашкод радыёсувязі Р-378А «Табол» у 2022 годзе рэгулярна спрабавалі пазбавіць украінскую армію доступу ў інтэрнэт, які даецца з пачатку вайны кампаніяй SpaceX праз сістэму Starlink.
Усяго Расія для гэтых мэт разгарнула гэтыя сістэмы РЭБ ў трох месцах: у Калінінградзе, недалёка ад Крыма і прама каля Бахмута. Пры гэтым у дакуменце няма ўказанняў на тое, ці мелі спробы блакіроўкі сувязі поспех, аднак замест указаных ва ўцечцы тэрмінаў у 25 дзён расійскі эксперымент па выкарыстанні «Таболаў» доўжыўся больш за пяць месяцаў, што можа ўказваць на пэўныя неадпаведнасці з чаканымі Расіяй вынікамі выпрабаванняў.
«І тым не менш, высновы амерыканскай выведкі ўражваюць, бо пацвярджаюць шматлікія тэорыі і гіпотэзы аб тым, што сістэмы, першапачаткова распрацаваныя менавіта для абароны спадарожнікаў Крамля, могуць быць, наадварот, скарыстаны для нападаў на спадарожнікі Захаду», — піша The Washington Post, грунтуючыся на звестках з сакрэтных дакументаў ЗША.
Расійская аўтаматызаваная станцыя пастаноўкі перашкод радыёсувязі Р-378А «Табол», якая выкарыстоўвалася для сабатавання працы сістэмы Starlink над Украинай у 2022 годзе. Фота: адкрыты доступ
Галоўнай жа асаблівасцю працы сістэмы Starlink ва Украіне, якая апісваецца ва ўцечках, з'яўляецца шматлікасць і кучнасць яе спадарожнікаў сувязі над краінай, што робіць практычна немагчымымі любыя спробы перакрыць там інтэрнэт-сувязь.
Нагадаем, што раней мы ўжо пісалі аб тым, што сувязь — гэта адзін з галоўных фактараў поспехаў Украіны падчас барацьбы супраць Расіі. Пры гэтым нават калі Расія і вырашыцца на адкрытыя атакі і знішчэнне заходніх спадарожнікаў над Украінай, то гэта дасць абсалютна адваротны эфект і можа справакаваць адкрыты ваенны канфлікт з Захадам.
Чытайце таксама:
Вайна ва Украіне стварыла сапраўды касмічныя праблемы
Тайвань амаль цалкам безабаронны перад паветраным нападам Кітая — злівы
99% расійскіх фэйкавых акаўнтаў сацсеткі пакідаюць некранутымі — сакрэтныя дакументы ЗША