Жыхар Бабруйска пайшоў лавіць шчупака віламі і ўляцеў на штраф

26 сакавіка супрацоўнікі Бабруйскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету праводзілі службовы рэйд і заўважылі ў вадаёме, які знаходзіцца паміж вёскамі Гарохаўка і Макараўка, мужчыну з віламі. І зразу здагадаліся, што той няйнакш там браканьерыць.

19.04.2023 / 22:50

Фота ілюстрацыйнае

Калі раённыя прыродаахоўнікі накіраваліся да мужчыны, то ён кінуў вілкі і паспрабаваў уцячы. Аднак яго дагналі і склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 1 артыкула 16.25 КаАП (здабыча рыбы ў забаронены час, альбо забароненымі прыладамі, а таксама спроба такой здабычы).

«З 1 сакавіка да 15 красавіка дзейнічала забарона на лоўлю шчупака ў сувязі з яго нерастам, — расказаў намеснік начальніка інспекцыі Ігар Рыжык. — Мужчына спрабаваў лавіць менавіта шчупака. Плюс рабіў гэта пры дапамозе забароненай колючай прылады рыбалоўства».

На шчасце мужчыны, злавіць такім спосабам ніводнага шчупака ён не змог. Как удалася, то давялося б за кожную рыбіну плаціць па 9 базавых велічынь (288 руб.). А так яму 15 красавіка прысудзілі штраф у памеры 10 базавых велічынь — 320 рублёў.

Парушальнік — бабруйчанін 1987 года нараджэння, работнік аднаго з прадпрыемстваў горада. У яго ёсць дача непадалёк ад гэтага вадаёма.

Чытайце таксама:

Увялі сезонную забарону на лоўлю судака

У Магілёве масава паміраюць чайкі. Што можа быць прычынай? Ёсць некалькі версій

На Вілейскім вадасховішчы рыбак злавіў 30-кілаграмовага таўсталобіка. Змагаўся з рыбай 30 хвілін

Nashaniva.com