Звольнілі з працы амерыканскага тэлевядучага, які трансляваў наратывы расійскай прапаганды

Амерыканскі кансерватыўны тэлеканал Fox News і тэлевядучы Такер Карлсан разарвалі супрацоўніцтва. Пра тое, што Карлсан сыходзіць са сваёй пасады, паведамілі на сайце тэлеканала. Гэты вядучы быў вядомы тым, што называў уварванне Расіі ва Украіну «памежнай спрэчкай» і не разумеў, чаму амерыканцы павінны пагарджаць Пуціным.

25.04.2023 / 00:49

На Fox News вядучы вёў вечаровае палітычнае ток-шоў Tucker Carlson Tonight. Апошняя праграма выйшла ў эфір у пятніцу, 21 красавіка. «Мы дзякуем яму за яго працу ў сетцы як тэлевядучага, а да гэтага як аўтара», — адзначылі ў Fox News, аднак не паведамілі пра прычыны спынення супрацоўніцтва. 

На старонках такіх выданняў, як Los Angeles Times і The Washington Post пісалі пра распаўсюджанне Карлсанам на амерыканскую аўдыторыю наратываў расійскай прапаганды.

Так, напрыклад, ён сцвярджаў, што НАТА наўмысна справакавала Расію на вайну, крытыкаваў санкцыі супраць Расіі, апраўдваў Уладзіміра Пуціна, называў расійскае ўварванне ва Украіну «памежнай спрэчкай» і сцвярджаў, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн аддае перавагу Украіне, бо яе лідары, маўляў, далі ягонай сям'і «мільёны даляраў».

Чытайце таксама:

Як працуе хлусня: рускія стварылі фэйкавы канал украінскіх марпехаў, цяпер яго бясконца цытуе прапаганда, у тым ліку мінская

«Мразота, свалота, свінота». Z-каналы прызналі, што распаўсюдзілі фэйк, у якім нібыта ўкраінскі вайсковец абражае жанчыну з дзіцем

Уладзімір Познер адчуў сорам за журналістаў, але наўрад ці за расійскіх

Nashaniva.com