Мядзведзеў заявіў, што ў Расіі «не здрыганецца рука» ўжыць ядзерную зброю

Намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ў Расіі ў выпадку неабходнасці «не здрыганецца рука» прыменіць ядзерную зброю. Аднак, на думку экс-прэзідэнта Расіі, пачатак новага глабальнага ваеннага канфлікту не з'яўляецца непазбежным.

25.04.2023 / 11:22

Дзмітрый Мядзведзеў. Фота AP

«Калі ў тваіх руках ёсць нейкая зброя, а я як былы прэзідэнт ведаю што гэта такое, ты павінен быць гатовы ў пэўнай сітуацыі да таго, што ў цябе не здрыганецца рука яе ўжыць. Усе гэтыя фактары не варта недаацэньваць нашым патэнцыйным супернікам. <… Свет хворы і, цалкам верагодна, ён знаходзіцца на парозе новай сусветнай вайны. Ці з'яўляецца яна непазбежнай? Не, не з'яўляецца», — паведаміў Мядзведзеў падчас марафону «Веды. Першыя», арганізаванага расійскім грамадствам «Веды». Ён таксама ўдакладніў, што ў свеце расце верагоднасць пачатку ядзернага канфлікту.

«Вас праўда хвалюе клімат да такой ступені? На мой погляд, гэта нішто ў параўнанні з перспектывай апынуцца ў эпіцэнтры выбуху з тэмпературай у 5 тыс. кельвінаў, ударнай хваляй у 350 метраў у секунду і ціскам у 3 тыс. кг на метр квадратны, з пранікальнай радыяцыяй, то-бок іанізуючым выпраменьваннем і электрамагнітным імпульсам. Такая перспектыва ёсць сёння? На жаль, так», — сказаў экс-прэзідэнт.

Гаворачы аб ваенным канфлікце на Украіне Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што дзеянні Захаду па «напампоўванні» Кіева ўзбраеннямі набліжаюць сусветную вайну. На ягоную думку, у агляднай перспектыве «ціхі раздзел» Украіны Польшчай і іншымі краінамі «лепшы, чым уступленне Украіны ў NATO або сусветная вайна».

«Каб нанесці максімальную шкоду». Дзмітрый Мядзведзеў заклікаў расіян красці заходні кантэнт

Мядзведзеў заявіў, што Украіны «не будзе на планеце»

Мядзведзеў гатовы дайсці да межаў Польшчы, каб «знішчыць неанацызм дашчэнту»

Эксперт патлумачыў мэты радыкальных выказванняў Дзмітрыя Мядзведзева

Nashaniva.com