Знойдзеная ў лесе ў Польшчы ракета, верагодна, была польскай

Пра знойдзеную ў лесе за некалькі кіламетраў ад Быдгашча ракету класа «паветра-зямля» стала вядома сёння. Надпісы на ёй былі на рукскай мове. Польскім журналістам стала вядома, што такая ракета ёсць на ўзбраенні польскай арміі і, імаверна, яе выкарыстоўвалі падчас вучэнняў.

27.04.2023 / 13:25

Непадалёк ад месца знаходкі, прыкладна за 10 км, знаходзіцца абароннае прадпрыемства «Лётніча-2», якое рамантуе, у тым ліку, знішчальнікі F-16. Таксама паблізу знаходзіцца аэрапорт, які выкарыстоўваецца гэтым прадпрыемствам і ўзброенымі сіламі.

Надпісы на кірыліцы на абломках могуць тлумачыцца тым, што на ўзбраенні Польшчы застаецца зброя савецкай вытворчасці — у тым ліку самалёты МіГ-29 з ракетамі «паветра-зямля».

«Варта нагадаць, што ў нас ёсць МіГі-29, якія абсталяваныя ракетамі», — так у эфіры інтэрнэт-радыё RMF24 пракаментаваў знаходку ў лесе пад Быдгашчам генерал Раман Полка.

«Магчыма, былі нейкія трэніроўкі, можа, украінцаў, можа, польскіх лётчыкаў», — дадаў ён.

Nashaniva.com