У Францыі вядуць расследаванне па «дачцы» Auchan у Расіі. Гэта адна з нямногіх французскіх кампаній, якія працуюць у Расіі падчас вайны

У Францыі Нацыянальная фінансавая пракуратура з сакавіка 2020 года расследуе выпадкі карупцыі ў расійскім даччыным падраздзяленні групы Auchan, піша DW са спасылкаю на французскія СМІ.

30.04.2023 / 08:33

Як высветліла агенцтва AFP, абвінавачанні ў дачыненні да расійскай «дачкі» Auchan уключаюць «подкуп замежнай службовай асобы, подкуп фізічнай асобай, саўдзел у гэтых злачынствах і іх утойванне».

«Расследаванне накіравана на высвятленне фактаў унутры расійскага філіяла Auchan, але яно не накіравана супраць Auchan, які зʼяўляецца ахвярай у гэтай справе і пакідае за сабой права падаць грамадзянскі пазоў», — прыводзіць AFP каментар французскай групы.

Выданне Challenges паказвае, што сярод тых, хто быў заслуханы ў якасці сведак, — дырэктар па міжнароднай бяспецы і былы дырэктар па бяспецы расійскай філіі.

Выданне цытуе словы былога юрыста «Ашана» ў Расіі Аляксея Жаркова аб тым, што менеджары па закупках расійскай «дачкі» Auchan ладзілі падстаўныя тэндары, штучна завышалі закупачныя цэны і давалі за грошы льготы ў папулярызацыі прадукцыі. Паводле яго сцвярджэнняў, за кошт карупцыйных сетак у расійскім «Ашане» «выпампоўвалі» «ад 80 да 100 млн еўра ў год, што адпавядае 2-3 працэнты ад абароту сеткі ў Расіі».

«Ашан», які ажыццяўляе больш за 10 працэнтаў сваіх продажаў у Расіі, зʼяўляецца адной з нямногіх французскіх кампаній, якія вырашылі працягнуць сваю дзейнасць у краіне пасля пачатку вайны ва Украіне.

Nashaniva.com