Судзяць былую менеджарку БТ, якая звольнілася ў 2020-м

Суд Маскоўскага раёна Мінска пачаў сёння разгляд крымінальнай справы былой супрацоўніцы тэлеканала «Беларусь 2» Вольгі Гладкай. Экс-менеджарку абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), піша «Вясна».

02.05.2023 / 11:37

Белтэлерадыёкампанія. Фота: tvnews.byg

Справу разглядае суддзя Лідзія Цяліца.

Палітзняволеная Вольга Гладкая — экс-менеджарка канала «Беларусь 2», была затрыманая 27 лютага 2023 года. Яна звольнілася з Белтэлерадыёкампаніі ў верасні 2020 года, каб паспрабаваць сябе ў сферы ІТ. Аднак рашэнне супала з масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і беспрычыннага гвалту сілавікоў, да пратэстаў у выглядзе страйку далучыліся і многія супрацоўнікі БТ.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 7 сакавіка 2023 года адбыўся першы допыт Вольгі, а яшчэ праз два дні ёй выставілі абвінавачанне на падставе «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Вядома таксама, што абаронцы спрабавалі дамагчыся вызвалення жанчыны пад грашовы заклад, паколькі яна мае праблемы з сэрцам і патрабуе пастаяннага медыкаментознага лячэння. Аднак яе пакінулі пад вартай.

Чытайце таксама:

У Мінску затрымалі былога супрацоўніка СТБ Дзмітрыя Баяровіча і яго жонку ВІДЭА

Ад эліты да ізгояў: з БТ звольнілі чарговага лаўрэата конкурсу «Тэлевяршыня»

Nashaniva.com