Мінскаму гульнявому блогеру плацяць нават за тое, што ён спіць

Стрымер з Мінска Андрэй Сомаў (EviL GrannY) зноў запусціў «бясконцы стрым», які спыніцца толькі тады, калі яму перастануць плаціць. Мінулы раз яму за гэта заданацілі амаль 42 тысячы даляраў, піша «Ганцавіцкі час».

05.05.2023 / 17:30

EviL GrannY стрыміць папулярную гульню «Мир танков» (так стала называцца з мінулага года ў Расіі і Беларусі World Of Tanks). Толькі ў ютубе ў яго больш за 700 тысяч падпісчыкаў. «Гледачы вырашаюць, колькі ідзе стрым. — Суткі? Тыдзень? Месяц?», — назваў свой стрым GrannY.

У чым сутнасць?

Кожны данат працягвае час трансляцыі. Чым больш грошай ахвяруюць, тым даўжэй будзе ісці трансляцыя. Працягнуць стрым на гадзіну па цяперашніх расцэнках «каштуе» 6 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 76 даляраў). Пасля стрымер пакідае за сабой права павялічыць «тарыф» у два разы.

Па стане на апоўдні 5 мая 2023 года Сомаў стрыміць ужо амаль 3 дні і зарабіў 422600 расійскіх рублёў (5 тысяч 360 даляраў).

Што паказвае?

У асноўным ён транслюе сваю гульню ў танкі. Глядзіць відэа з навінамі пра гульню ад распрацоўшчыкаў і абмяркоўвае са сваёй аўдыторыяй. Абяцае пагуляць і ў іншыя гульні.

Акрамя таго, падчас стрыму ён есць, адпачывае, пакурваючы кальян. А напярэдадні вечарам распакоўваў новы тэлефон (навінку, Xiaomi 13 Ultra з цаной у раёне тысячы даляраў. Нядаўна толькі выйшаў на рынак).

Таксама стрымер абяцае, што будзе паказаны працэс падрыхтоўкі ежы. І будзе шпацыр па Мінску ў прамым эфіры.

Мала таго, у жывым эфіры стрымер і спіць, накіраваўшы вэбку на ложак, а на астатняй частцы экрана транслюючы раней знятыя відэа. За час, калі ён спіць, яму таксама плацяць!

Чым ён цікавы, што яму так плацяць?

GrannY — адзін з вядомых блогераў-гульцоў у «танкавым асяроддзі». Калі некаторыя стрымеры выдзяляюць сябе нейкім эпатажам, з матам-пераматам кожную хвіліну, то ў GrannY гэтага няма. Ён вядзе стрым вельмі спакойна і разважліва, мат бывае вельмі рэдка.

Пры гэтым GrannY добра разбіраецца ў гульні і можа пісьменна ацаніць якія-небудзь новаўвядзенні. Як і іншыя блогеры, робіць агляды на новыя танкі, паказвае іх добрыя і дрэнныя бакі. Быў кіберспартоўцам, удзельнічаў у турнірах. Праводзіць розыгрышы з рознымі ўнутрыгульнявымі падарункамі.

Таксама стрымер часта знаходзіць нечаканыя фарматы для стрымаў. Аднойчы ён зняў у Мінску кінатэатр, туды прыйшлі ягоныя фанаты. Ён гуляў для іх і разам з імі на вялікі экран. Гуляе і ў покер, у 2020 годзе перамог на буйным турніры і выйграў 18 тысяч долараў.

Увогуле, у яго недарэмна 700 тысяч падпісчыкаў толькі ў ютубе. «Танкавая» аўдыторыя даволі дарослая і вельмі плацежаздольная, стрымеры маюць сваіх фанатаў, якія гатовыя іх падтрымліваць фінансава.

Не першы вопыт

Год таму GrannY ўжо праводзіў такі стрым. Ён працягнуўся 12 дзён, а стрымер зарабіў амаль 42 тысячы даляраў. У канцы эфіру ён аж расплакаўся, калі атрымаў віншаванне з завяршэннем падзеі ад распрацоўшчыкаў World Of Tanks. 

Чытайце таксама:

Матацыкліст, вершнік, скарпіён. Гэты хлопец збірае ўнікальныя жалезныя рэчы з аўтахламу

Wargaming прадаў даччыную кампанію, з якой выходзіў на сусветны рынак

У Беларусі і Расіі больш не будзе World Of Tanks. Толькі «Мир танков»

Nashaniva.com