Экс-кіраўніку творчай суполкі «Пагоня» мастаку Генадзю Драздову прысудзілі 3 гады калоніі

Драздова абвінавачвалі па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

06.05.2023 / 14:32

Генадзь Драздоў. Фота: Радыё Свабода

Былому кіраўніку творчага аб'яднання «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў Генадзю Драздову прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі, паведаміла Радыё Свабода са спасылкай на BPN крыніца.

Такі вырак 4 мая ў Мінскім гарадскім судзе агучыў суддзя Яўген Пісарэвіч. Падрабязнасці не вядомыя.

Працэс над мастаком пачаўся 2 мая. Драздова абвінавачвалі па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэксу.

У Менску судзяць 64-гадовага мастака Генадзя Драздова, аднаго з лідараў творчага аб’яднання «Пагоня»

Аб затрыманні мастака ў сярэдзіне жніўня 2022 года, тады пра гэта паведаміла Беларуская Рада культуры. Акрамя таго, у адным з праўладных тэлеграм-каналаў зʼявіўся відэазапіс з Драздовым і паведамленне, што затрымалі «творчую асобу», якая прыбыла з Украіны.

У яго сілавікі нібыта выявілі сумесныя фотавыявы з украінскімі вайскоўцамі. Акрамя таго, сцвярджалася, што ў 2020 годзе мастак нібыта «прымаў непасрэдны ўдзел у блакаванні дарог, размаўляў з радыкальна настроенымі апазіцыянерамі, распрацоўваючы планы акцый «прамога дзеяння».

На відэазапісе Драздоў сказаў, што «затрыманы супрацоўнікамі міліцыі невядома за што». На кадрах з кватэры мастака былі відаць невялікія нацыянальныя сцягі і бел-чырвона-белыя стужкі, раскіданыя кнігі і карціна з вядомай актывісткай Нінай Багінскай.

Nashaniva.com