Пуцін паспрабаваў згуртаваць лідараў СНД, але не памяняў рыторыку — ISW

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін паспрабаваў выкарыстаць святкаванне Дня Перамогі для згуртавання партнёраў па СНД, многія з якіх імкнуліся паменшыць сваю залежнасць ад Крамля з лютага 2022 года, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW) у чарговай зводцы.

10.05.2023 / 07:18

Уладзімір Пуцін выступае на ваенным парадзе ў Маскве 9 мая 2023 г. Фота: Gavriil Grigorov / AP

Сёлета на парад прыехалі лідары Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. Пуцін падкрэсліў важнасць іх удзелу ў гэтым мерапрыемстве і паўтарыў шаблонную рыторыку Крамля аб тым, што Расія імкнецца да шматпалярнага сусветнага парадку.

У сваім выступе на парадзе Пуцін таксама паўтарыў існыя наратывы аб падрыхтоўцы да зацяжной вайны і зноў прадставіў Расію як краіну, якая паспяхова супрацьстаіць Захаду.

У адрозненне ад лідараў СНД, іншыя незаходнія дзяржавы адкінулі спробы Крамля стварыць антызаходнюю кааліцыю, у першую чаргу гэта тычыцца Кітая, які ўсё больш аддаляецца ад Расіі, пішуць эксперты.

ISW раней ацэньваў, што дэградацыя расійскай вайсковай моцы ва Украіне, імаверна, зрабіла гэтыя намаганні яшчэ менш прывабнымі для іншых дзяржаў, а колькасць і склад вайсковай тэхнікі на ўчорашнім парадзе толькі пацвердзілі тэзіс аб дэградацыі расійскіх узброеных сіл.

Nashaniva.com