Адгарадзіцца ад РФ 100-кіламетровай зонай бяспекі: галоўны разведчык Украіны назваў адну з мэтаў вайны

Кіраўнік вайсковай разведкі (ГУР) Украіны Кірыл Буданаў заявіў што адна з галоўных умоў заканчэння вайны — стварэнне дэмілітарызаванай зоны паміж Расіяй і Украінай шырынёй не менш за 100 кіламетраў. «Гэта наша мэта», — сказаў Буданаў у інтэрв'ю ўкраінскаму каналу «Ісландыя».

17.05.2023 / 12:41

Кірыл Буданаў. Скрыншот відэа канала «Ісландыя»

Ён патлумачыў, што лічыць такую дыстанцыю аптымальнай, паколькі з яе будзе немагчыма наносіць эфектыўныя ўдары па Украіне звычайнымі сродкамі.

Стварэнне такой зоны Буданаў лічыць неабходнай мерай абароны, бо палітычная мадэль у Расіі, на яго думку, наўрад ці зменіцца нават пасля Пуціна: прыйдзе новы тыран з новымі амбіцыямі.

У тым жа інтэрв'ю кіраўнік ГУР сказаў, што на дадзеным этапе вайны можна з упэўненасцю казаць, што расійская армія выдыхлася.

Паводле яго слоў, колькасць яе асабістага складу ўсё яшчэ вялікая і чалавечых рэсурсаў у Расіі хопіць яшчэ на нявызначаны час, але якасць расійскай арміі вычарпана — як з пункту гледжання ваеннай падрыхтоўкі, так і ў плане тэхнікі і ўзбраенняў.

Nashaniva.com