Выкінутыя на сметнік вакцыны, шалёныя выплаты, пагоня за паказчыкамі — Швед расказаў пра крымінальныя справы на дактароў

Генпракурор Андрэй Швед на нарадзе ў Лукашэнкі расказаў пра «ўскрытыя хібы медыцыны». Ён, напрыклад, заявіў, што за 2022 і 2023 гады заведзена больш за 60 крымінальных спраў.

24.05.2023 / 08:47

Швед спачатку спыніўся на традыцыйных праблемах: адсутнасць у некаторых установах аховы здароўя умоў для правядзення скрынінгу анкалагічных захворванняў, вялікія тэрміны чакання рознага роду даследаванняў, недахоп кадраў, немэтазгоднае расходаванне сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, бюракратыя і пагоня за паказчыкамі.

Аднак, па словах генпракурора, некаторыя рэчы нават яго ўзрушылі.

«У гэтым годзе мы выявілі ў Мінскай і Гомельскай абласцях факты таго, што выкідваюцца на памыйніцу прыдатныя да ўжывання вакцыны супраць кавіду. 6 405 упаковак выяўлена на звалках і сметніках у Гомельскай і Мінскай вобласці», — расказаў генпракурор.

Ён дадаў, што гэтым фактам будзе дадзена прававая ацэнка.

«На паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва. Толькі па гэтых двух фактах кошт антыкавідных прэпаратаў перавышае Br180 тыс.», — канстатаваў Андрэй Швед.

Таксама генпракурор звярнуў увагу на карумпаванасць сферы аховы здароўя. Па яго словах, па выніках мінулага года і ў бягучым пракурорамі ўжо заведзена больш за 60 крымінальных спраў. Прычым гаворка ідзе не толькі пра хабарніцтва.

«У шэрагу выпадкаў (прававая ацэнка будзе дадзена ў ходзе расследавання крымінальных спраў) галоўныя дактары выкарыстоўваюць выдзеленыя па вашым даручэнні так званыя кавідныя сродкі для вырашэння сваіх пытанняў. У прыватнасці, асобныя галоўныя дактары ўстаноў аховы здароўя горада Мінска і іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў устанавілі сабе за кошт гэтых грашовых сродкаў штомесячныя выплаты ў памеры да 700%. А тым — 27-29%. Гэта здзек з людзей, якія непасрэдна працуюць у чырвоных зонах», — абурыўся генпракурор.

Чытайце таксама:

Лукашэнка прыгразіў кіраўнікам аблвыканкамаў, што здзярэ з іх скуру. За што?

Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі

«Мучыцца вы са мной будзеце доўга». Лукашэнка сказаў, што ў яго быў адэнавірус

Nashaniva.com