«Хачу даказаць, што з тыранам можна ваяваць». Камандуючы РДК распавёў аб баявых дзеяннях у Белгародскай вобласці

Рускі добраахвотніцкі корпус (РДК) і легіён «Свабода Расіі» распавялі Суспільнаму, за што яны ваююць. 24 траўня на тэрыторыі Сумскай вобласці байцы сустракаліся з украінскімі і замежнымі журналістамі.

24.05.2023 / 19:37

Байцы Рускага добраахвотніцкага корпуса. 24 мая 2023 г. Усе фота: Суспільне Сумы

Дзяніс з пазыўным White Rex — камандзір расійскага добраахвотніцкага корпуса. Дакладную колькасць салдат у корпусе ён не назваў.

«Самаму маладому нашаму байцу 19 гадоў, самаму старэйшаму — 45», — сказаў ён.

Па словах Дзяніса, мужчыны толькі што выконвалі адно з баявых заданняў на тэрыторыі РФ. А ў бліжэйшы час яны вернуцца, каб выступіць з іншымі. З сабой байцы ўзялі трафейны бронетранспарцёр.

Ён абверг паведамленні расійскіх СМІ пра знішчэнне РДК і легіёну «Свабода Расіі».

«У нас ёсць трафейная тэхніка, зброя, ёсць пэўныя поспехі. Я хачу даказаць, што з тыранам можна змагацца, што ўлада Пуціна не бязмежная, што ФСБ можа біць, кантраляваць, катаваць бяззбройных людзей, але як толькі сустрэнуцца з поўным супраціўленнем, яны ўцякаюць», — дадаў баец.

«Мы бачым, што ваенна-палітычнае кіраўніцтва абсалютна непадрыхтаванае да такіх сітуацый. Доўга і шмат гаварылі пра тое, каб умацаваць лінію, трацяць на гэта мільярды. Калі даходзіць да справы, усё развальваецца, нічога не адбываецца. Чым мацнейшымі мы ўваходзім на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, тым больш часу ім трэба, каб апамятацца і прыняць меры ў адказ», — сказаў ён.

Мужчына таксама сказаў, што ў корпуса не хапіла сіл, каб цалкам кантраляваць тэрыторыю, на якую яны ўвайшлі. «Для нас гэта праверка на трываласць. Безумоўна, у рамках гэтай аперацыі мы ставім і ваенныя, і палітычныя мэты, і мы іх дасягнулі», — сказаў ён.

РДК — вайсковая частка Узброеных сіл Украіны, сфармаваная ў жніўні 2022 году для абароны Украіны ад расійскага ўварвання. Уваходзіць у Інтэрнацыянальны легіён УСУ. Як паведаміў камандзір РДК Дзяніс Нікіцін, яны ўваходзяць у склад 98-га батальёна «Азоў» Дняпроўскай ваеннай акругі.

Адбор у РДК праводзіцца з ліку этнічных рускіх эмігрантаў, якія пражываюць ва Украіне, а таксама ў іншых краінах Еўропы.

Легіён «Свабоду Расіі» сфармавалі расійскія вайскоўцы з ліку палонных. Яны сцвярджаюць, што легіён створаны для барацьбы з пуцінскім рэжымам. Да легіёну могуць далучыцца палонныя і былыя расійскія вайскоўцы.

Што вядома аб сітуацыі ў Белгародскай вобласці

У панядзелак, 22 траўня, у Белгародскай вобласці прагрымелі выбухі, а пазней ва ўкраінскіх і расійскіх СМІ зʼявілася інфармацыя аб прыбыцці на гэтую тэрыторыю расійскіх добраахвотнікаў.

У Галоўным упраўленні выведкі Украіны заявілі, што ў гэтым рэгіёне праводзіцца аперацыя па «стварэнню зоны бяспекі» выключна з удзелам грамадзян Расіі.

У прэс-службе легіёну «Свабода Расіі» паведамілі, што яны разам з добраахвотніцкім корпусам «ствараюць дэмілітарызаваную зону на мяжы з РФ, адкуль не змогуць абстрэльваць Украіну».

Пасля ў Белгародскай вобласці быў уведзены «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». 

У Офісе прэзідэнта Украіны заявілі, што Украіна не мае прамога дачынення да падзей у Белгарадзе, але «з цікавасцю назірае». 

Удзень 23 мая Міністэрства абароны Расіі заявіла пра «разгром» вайскоўцаў РДК і легіёну «Свабоду Расіі».

Чытайце таксама:

Украінцы захапілі памежны пункт, падышлі да горада Грайварана ў Белгародскай вобласці

Як у Крамлі адрэагавалі на атаку ДРГ у Белгародскай вобласці 

У выніку атакі ў Белгарадскай вобласці параненыя 12 чалавек, жыхары 9 населеных пунктаў «адселеныя» — губернатар

Nashaniva.com