У Японіі ютубера арыштавалі за спойлер да відэагульні. Такое адбылося ўпершыню ў гісторыі

Пры гэтым сама гульня выйшла шмат гадоў таму.

27.05.2023 / 10:42

Жыхара Японіі арыштавалі за лэтсплэі са спойлерамі канцоўкі да відэагульні, якая першапачаткова была выпушчана больш за 10 гадоў таму. Пра гэта 21 мая напісала выданне Japan Today.

52-гадовы Сінобу Ёсіда стаў першым чалавекам, каго японскія ўлады арыштавалі за незаконную публікацыю гульнявых відэаролікаў на YouTube. Мужчына загрузіў геймплэй візуальнай анімэ-навэлы «Steins;Gate: My Darling's Embrace» (якая выйшла яшчэ ў 2011 на кансолі Xbox, а затым у 2019 яе перавыпусцілі на іншыя платформы) і паказаў канец гэтай гульні. Самі відэаролікі пры гэтым былі манетызаваныя, што давала японцу грошы за прагляды.

Кампанія-распрацоўніца гульні адразу палічыла, што такім чынам парушаюцца яе аўтарскія правы, бо яна не давала дазвол на публікацыю яе кантэнту, а грошы ад даходу з відэа не пайшлі ёй у прыбытак.

У выніку японца абвінавацілі ў парушэнні аўтарскіх правоў і распаўсюджанні спойлераў. Той сваю віну прызнаў.

«Я ведаў, што гэта незаконна, нават калі я гэта рабіў», — сказаў Ёсіда падчас прызнання віны.

Гэты выпадак — першы ў гісторыі. Раней падобнае ніколі не было заўважана. Напэўна, гэты мужчына не стане апошнім.

Нагадаем, што для Японіі наяўнасць арыштаў за дзіўныя на першы погляд прычыны не ёсць чымсьці унікальным. Напрыклад, яшчэ ў мінулым месяцы двух мужчын там арыштавалі за «сушы-тэрарызм».

Чытайце таксама: 

Mortal Kombat 1 перазапусціць легендарную серыю відэагульняў у верасні

LoL, DOTA 2, Counter Strike: што будзе з кіберспортам у 2023 годзе? Вось тэндэнцыі

Навукоўцы вучаць марскіх львоў гуляць у відэагульні

Марк Рыхтэр