«Людзі прывыклі жыць у камфорце, цывілізавана, прыгожа». Вальфовіч патлумачыў, навошта Беларусі ядзерная зброя

Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі — адзін з крокаў стратэгічнага стрымлівання, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вольфавіч, паведамляе БЕЛТА.

28.05.2023 / 21:05

Вальфовіч наракае, што «на тэрыторыі сумежных краін, на тэрыторыі перш за ўсё Польшчы, — да 4% ВУП адводзіцца на патрэбы абароны».

«Ствараецца, па вялікім рахунку, наступальная групоўка, гэта бачна няўзброеным поглядам. Каб астудзіць гэтыя галовы, Беларусь, вядома, можа пайсці гэтым жа шляхам, і эканоміку перанацэліць на ваенныя патрэбы, пачаць павялічваць і разгортваць узброеныя сілы да колькасці ваеннага часу, але гэта ляжа вялікім цяжарам на эканоміку, на дабрабыт грамадзян, насельніцтва Беларусі. Людзі прывыклі жыць у камфорце, цывілізавана, прыгожа.

Дык вось адным з элементаў, скажам так, стратэгічнага стрымлівання ў ваенным плане, вядома, з'яўляецца тактычная ядзерная зброя», — сказаў Аляксандр Вольфавіч.

Вальфовіч сцвярджае, што гэта Захад не пакінуў Беларусі іншага выйсця. «Хоць, выводзячы ў 1990-х гадах ядзерную зброю з Беларусі, Захад, перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, гарантаваў забеспячэнне бяспекі, адсутнасць якіх-небудзь санкцый у дачыненні да Беларусі, — перадаў наратывы прапаганды дзяржсакратар Савета бяспекі. — Сёння ўсё парушана. Таму размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца адным з крокаў стратэгічнага стрымлівання».

Вальфовіч мяркуе, што «чырвоныя рысы» на Захадзе не перайдуць, не патлумачыўшы, што мае на ўвазе. Але як што, дык Вальфовіч гатовы да прымянення ядзернай ўброі. 

«Таму што прымяненне нават тактычнай ядзернай зброі прывядзе да незваротных наступстваў. Гэта будзе, вядома, крайні крок. Але крок, апраўданы для таго, каб абараніць нашу краіну. Нам чужога не трэба, але сваё мы ніколі не аддадзім», — сказаў ён. 

Nashaniva.com