Аршанец адсядзеў 10 сутак за лозунгі «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне»

Суддзя Аршанскага раёна і г. Оршы Мікалай Драгуноў 18 мая пастанавіў арыштаваць на 10 сутак Алега Масальскага за нібыта праведзены пікет — дакладней, за выкрыкванне лозунгаў «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне».

01.06.2023 / 12:48

У судовым паседжанні Масальскі растлумачыў, што днём 7 мая ўжываў спіртныя напоі. Затым накіраваўся на прыпынак, дзе сустрэў раней незнаёмага мужчыну ў ваеннай форме. Алег вырашыў праверыць якое стаўленне мае вайсковец да падзей «у Беларусі і Ўкраіне», стаў выкрыкваць адпаведныя лозунгі.

Сведка з ліку вайскоўцаў пацвердзіў, што Масальскі знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, стаў да яго чапляцца, пры гэтым пачаў гучна выкрыкваць «апазіцыйныя лозунгі». Па дадзеным факце ён патэлефанаваў у міліцыю, піша «Вясна».

Nashaniva.com