«Вульгарнасць і гвалт». У ЗША прыбіраюць Біблію са школ
Школьнае кіраўніцтва ў штаце Юта вырашыла, што змест Бібліі не падпадае пад забарону 2022 года, аднак змяшчае «вульгаірнасці і гвалт, непрымальныя для малодшага ўзросту». У бібліятэках для старэйшых класаў Біблію вырашылі пакінуць.
04.06.2023 / 14:03
Фота: Wikimedia Commons
У амерыканскім штаце Юта вырашылі прыбраць Біблію для пачатковых і сярэдніх класаў, матывуючы гэта тым, што там утрымліваецца «вульгарнасць і гвалт», піша Бі-бі-сі.
Раней у тым жа штаце бацькі таксама скардзіліся, што Біблія караля Якава (пераклад Бібліі, які лічыцца класічным у англамоўным свеце) змяшчае непрымальны для дзяцей сэнс.
Як пісала мясцовае выданне Salt Lake Tribune, бацькі лічаць, што гэты пераклад Бібліі з'яўляецца непрыдатным для дзяцей малодшага ўзросту, бо «з'яўляецца парнаграфічным згодна з новым законам».
У 2022 годзе мясцовы ўрад, дзе большасць складаюць прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі, прыняў закон, які забараняе «парнаграфічныя і непрыстойныя» кнігі ў школах.
Да гэтага часу большасць кніг, якія падпалі пад гэтую забарону, былі прысвечаны сэксуальнай арыентацыі і сэксуальнай ідэнтычнасці.
Забароны кніг, прысвечаных правам ЛГБТ або расавай ідэнтычнасці, адбываюцца таксама і ў іншых штатах, якія лічацца ў асноўным кансерватыўнымі, — у Тэхасе, Фларыдзе, Місуры і Паўднёвай Караліне. Зрэшты, кнігі забараняюць і ў ліберальных штатах. Але там гэта тычыцца кніг, якія маюць расава абразлівы змест.
Што ж тычыцца апошняй забароны ў Юце, то яна стала следствам бацькоўскай скаргі, пададзенай у снежні 2022 года. Прадстаўнікі школ заявілі, што ўжо канфіскавалі са школьных бібліятэк сем ці восем асобнікаў Бібліі, падкрэсліўшы, што яе вывучэнне ніколі не ўваходзіла ў школьную праграму.
Пры гэтым школьная адміністрацыя не патлумачыла, якія менавіта часткі Бібліі бацькі лічылі «пошласцю і гвалтам».
Раней прадстаўнікі мясцовых органаў улады ў Юце называлі заклікі да забароны Бібліі «насмешкамі», але пасля апошніх бацькоўскіх скаргаў назвалі Біблію «складанай для чытання» ў малодшым школьным узросце.
«Традыцыйна ў Амерыцы Біблію лепш за ўсё чытаюць і разумеюць дома, ля хатняга ачага, у сям'і», — напісаў у фэйсбуку прадстаўнік мясцовых уладаў Кен Айвары.
Школьнае кіраўніцтва вырашыла, што змест Бібліі не падпадае пад забарону 2022 года, аднак змяшчае «пошласці і гвалт, непрымальныя для малодшага ўзросту». У бібліятэках для старэйшых класаў Біблію вырашылі пакінуць.
Зрэшты, у Юце ёсць і бацькі, якія не згодныя з адабраннем Бібліі для малодшых школьнікаў.
«Не ўяўляю, што ў Бібліі такога, што трэба было б выключыць. Гэта ж не тое, каб там былі нейкія карцінкі», — заявіў тэлеканалу CBS News адзін з бацькоў.
Юта не першы штат, дзе вырашылі прыбраць Біблію са школы. Раней гэта ўжо зрабілі ў Тэхасе. Там гэта стала вынікам кампаніі, якую пачалі бацькі, пратэстуючы супраць рашэння мясцовых уладаў аб забароне пэўных кніг у школах.
А ў Канзасе школьнікі самі папрасілі прыбраць Біблію са школьнай бібліятэкі.
Чытайце таксама:
У ЗША палічылі парнаграфіяй статую Давіда. У Італіі абурыліся гэтым
Біблія на беларускай мове: цяжкасці перакладу
Выйшаў беларускі пераклад «Песні Песняў» — кнігі Старога Запавету