Змякчэнне санкцый працягнута

Мінфін ЗША прадоўжыў рашэнне аб змякчэнні санкцый да беларускіх прадпрыемстваў «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно» па 31 мая 2010 года

19.11.2009 / 16:14

Міністэрства фінансаў ЗША чарговы раз прадоўжыла рашэнне аб змякчэнні сакнцый да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» — ААТ «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно». Як паведамляе афіцыйны сайт Мінфіна, рашэнне прадоўжана па 31 мая 2010 года.

У названы перыяд амерыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з двума беларускімі прадпрыемствамі.

У той жа час уласнасць ААТ «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно» застаецца заблакаванай у адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 13405. Грамадзянам ЗША забаронена праз або пры пасрэдніцтве гэтых двух прадпрыемстваў купляць прадукцыю, паслугі і тэхналогіі ў іншых суб’ектаў гаспадарання, унесеных у спіс (маецца на ўвазе спіс прадпрыемстваў «Белнафтахіма», да якіх санкцыі дзейнічаюць цяпер).

Нагадаем, у лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

У сакавіку 2008 года, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (на той час — апошняга з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволеных), ЗША ўвялі санкцыі да ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад «Белнафтахіма». Мінск і Вашынгтон адклікалі сваіх паслоў для кансультацый. Да сённяшняга дня штаты абодвух пасольстваў скарочаныя да мінімуму.

5 верасня 2008 года Мінфін ЗША на паўгода змякчыў эканамічныя санкцыі да двух ААТ — «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно». У лютым 2009 года дзеянне гэтага рашэння было прадоўжана да 1 чэрвеня, затым — да 30 лістапада 2009 года.