Ужыванне салатаў падчас прыёму антыбіётыкаў можа прывесці да ўзнікнення небяспечных супербактэрый — навукоўцы

Па меркаванні навукоўцаў, дактары павінны раіць пацыентам пазбягаць салатаў і сырой гародніны пры прыёме антыбіётыкаў, таму што гэта павялічвае рызыку стварэння ўстойлівых да лекаў супербактэрый.

20.08.2023 / 20:15

Вучоныя раяць падчас прыёму атыбіётыкаў адмовіцца ад спажывання свежай гародніны і садавіны. 

Як піша The Times, паводле вынікаў даследавання навукоўцаў з Нотынгемскага ўніверсітэта, апублікаваных у часопісе Plos One,

бактэрыі з генамі ўстойлівасці да антыбіётыкаў могуць хавацца ў сырой садавіне і гародніне, асабліва ў карняплодах, такіх як радыска і морква, а таксама ў «гатовых да ўжывання» салатах з супермаркетаў.

Навукоўцы сцвярджаюць, што пры ўжыванні такіх прадуктаў падчас курсу антыбіётыкаў існуе вялікая верагоднасць таго, што бактэрыі паселяцца ў кішэчніку чалавека. Калі гэта адбудзецца, то ўзрастае рызыка таго, што ў будучыні лекі не змогуць працаваць гэтак жа эфектыўна для ўхілення інфекцый.

«Калі вы прымаеце антыбіётыкі, гэта менавіта той час, калі вы найбольш уразлівыя да ўзнікнення доўгатэрміновых праблем з-за бактэрый з ежы, якія ўстойлівыя да лекаў. Калі вы ясьцё нешта, на чым ёсць бактэрыі, якія змяшчаюць некаторыя гены ўстойлівасці да лекаў, і вы прымаеце антыбіётыкі, то гэтая ўстойлівасць можа замацавацца ў экасістэме вашага кішэчніка.

Таму ў наступны раз, калі вам спатрэбяцца антыбіётыкі, яны могуць аказацца неэфектыўнымі», — цытуе выданне слова аднаго з аўтараў даследавання прафесара біялогіі Нотынгемскага ўніверсітэта Дова Стэкеля.

Папярэдняе даследаванне паказала, што колькасць генаў устойлівасці да антыбіётыкаў у мікрабіёме кішэчніка — супольнасці бактэрый, якія выяўляюцца ў стрававальнай сістэме — павялічваецца пасля дзяцінства.

У сваім даследаванні Стэкель з калегамі вывучалі прычыны павелічэння. Было выяўлена, што доўгатэрміновы рост рэзістэнтнасці мікрабіёмы кішэчніка чалавека можна істотна знізіць, паменшыўшы ўздзеянне ўстойлівых бактэрый, якія змяшчаюцца ў ежы і вадзе, і прымаючы менш антыбіётыкаў.

Стэкель адзначае, што бактэрыі з рэзістэнтнымі генамі ў кішэчніку ўяўляюць сабой праблему. Ён тлумачыць гэта тым, што некаторыя віды інфекцый узнікаюць, калі бактэрыі, якія былі бясшкодныя ў кішэчніку, перамяшчаюцца ў іншыя часткі цела. Паводле яго слоў, яны часцей за ўсё прыводзяць да інфекцый мочавыводзячых шляхоў (ІМШ).

Любы чалавек можа захварэць ІМШ у любым узросце, але часцей за ўсё яны сустракаюцца ў жанчын і пажылых людзей і могуць вар'іравацца па ступені цяжкасці ад лёгкай (цыстыт) да небяспечнай для жыцця інфекцыі нырак і сепсісу. Таму асабліва важна, каб гэтыя антыбіётыкі працавалі ў пажылых людзей.

Іншым прыкладам з'яўляюцца інфекцыі крыві, што зноў жа асабліва важна для пажылых людзей ці людзей з аслабленым імунітэтам. Пры гэтых інфекцыях важна, каб антыбіётыкі дзейнічалі хутка. 

Таму навукоўцы рэкамендуюць дактарам даваць дыетычныя рэкамендацыі тым, хто праходзіць курс лячэння антыбіётыкамі, каб пазбягаць прадуктаў з павышанай рызыкай пераносу гена ўстойлівасці да супрацьмікробных прэпаратаў (нават непатагенных), а таксама прытрымлівацца таго, каб уся ежа, спажываная падчас лячэння, была цалкам прыгатаваная.

Чытайце яшчэ:

Новы метад трансплантацыі мікрабіёты дазваляе лячыць шмат якія хваробы. А яе крыніца вас вельмі здзівіць

Як мільярды мікраарганізмаў у кішэчніку могуць умацаваць ваша псіхічнае здароўе 

Навукоўцы выявілі парадаксальны ўплыў працэсаў у кішачніку на старэнне

Антось Жупран