Мінскі студэнт з таварышам нарыхтаваў 40 кг марыхуаны

10.12.2009 / 13:52

Студэнт адной з мінскіх ВНУ разам са сваім знаёмым нарыхтаваў каля 40 кг марыхуаны.

Міліцыя затрымала двух мінчукоў у вёсцы Бабавенка Капыльскага раёна. Праваахоўнікі забралі ў іх 28 кг нявысушанай і 11,6 кг высушанай марыхуаны.

Студэнт і яго знаёмы ўвесну асадзілі ў гэтай вёсцы каноплі, каб затым вырабіць і збыць наркатычныя сродкі.

Абодва мінчукі арыштаваныя, у дачыненні да іх заведзена крымінальная справа па ч.2 арт.329 «Сяўба або вырошчванне забароненых да апрацоўцы раслін, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы» КК Беларусі.