У Мінску адкрываецца фотавыстава, дзе паказаныя беларускія літаратары на адпачынку
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў 28 снежня адкрываецца выстава «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях».
27.12.2023 / 19:14
Фота: ncsm.by/calendar
Непарадныя здымкі Эдзі Агняцвет, Янкі Брыля, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка ў час летняга адпачынку Цэнтр сучасных мастацтваў пазычыў у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Натхняльнымі для арганізатараў выставы аказаліся словы Максіма Танка:
«Чытаю біяграфіі нашых класікаў. Многіх я знаў асабіста. Як іх залізаныя і прычасаныя партрэты розняцца ад тых, якімі яны былі ў сапраўднасці людзьмі, у меру святымі і ў меру грэшнікамі, а не нейкімі манекенамі?».
«Калі ўбачыць фота маладых Янкі Брыля ў Неапалі ці Уладзіміра Дубоўкі і Янкі Купалы на пляжы ў Ялце, ці гэта памяняе ўяўленне пра іх?» — запытваюць у сваю чаргу куратары.
У назве выставы закладзена некалькі сэнсаў.
«Мора» беларуса (мора рэальнае — з «пацалункамі салонай марской вады» (Уладзімір Караткевіч) — ці выдуманае, метафарычнае — «зялёнае мора ржаных каласоў» (Якуб Колас) — гэта мара ці ўспамін пра лета, прастору, запоўненую сонцам і яркімі колерамі, прыемны адпачынак», — паведамляе анатацыя.
Адкрыццё выставы адбудзецца 28 снежня ў 17.30 у будынку НЦСМ на Някрасава, 3.
Чытайце таксама:
Паэт у галубіным німбе, якога перакладала Ганна Ахматава
«Не вядзіцеся на павеўную моду — падглядаць за класікамі ў замочную адтуліну»