Асводаўцы пад Гомелем уратавалі зайца, які праваліўся пад лёд

Жывёліну, якая боўталася ў вадзе на адкрытым участку Сожа, заўважыў у бінокль дзяжурны змены Веткаўскай ратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах.

05.01.2024 / 21:40

«Касы выскачыў на неакрэплы лёд і праваліўся. Сам выбрацца не змог, хоць спрабаваў: чапляўся за крыгу лапамі і нават зубамі. Начальнік ратавальнай станцыі Сяргей Сілкін і дзяжурны змены хутка зрэагавалі. На лодцы, у вадалазным рыштунку падплылі да зайца, што патанаў, і выцягнулі яго з вады. Справіліся хутка, за паўтары хвіліны», — пракаментавалі падзеі ў таварыстве.

Змерзлага зайца прывезлі на станцыю, абагрэлі, а потым адпусцілі назад у лес.

А сам выпадак служыць ілюстрацыяй, наколькі небяспечна цяпер выходзіць на лёд. Калі ён не трымае нават зайца, то што ўжо казаць пра чалавека?

Чытайце таксама:

Што рабіць у выпадку пераахаладжэння? Парады ад ратавальнікаў

На Полаччыне ратавальнікі вызвалілі з ледзяной пасткі двух ласёў

Дзве школьніцы праваліліся пад лёд. Адна ўхапілася за галінку дрэва і так выратавала сябе і сяброўку

Nashaniva.com