Еўракамісія абвінаваціла Google у распаўсюдзе прапаганды Крамля

Раней беларускія журналісты скардзіліся камісіі, што кантэнт, які крытыкуе рэжым Лукашэнкі, не дасягае мэтавай аўдыторыі, у прыватнасці, з-за алгарытмаў пошуку.

09.01.2024 / 07:59

Еўрапейская камісія заклікала Google і іншыя буйныя тэхналагічныя кампаніі дапамагчы незалежным расейскім і беларускім СМІ змагацца супраць прапагандыстаў, якія, на думку апазіцыйных журналістаў, карыстаюцца перавагамі алгарытмаў пошуку. Аб гэтым заявіла віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Вера Юрава ў размове з Financial Times, звяртае ўвагу Moscow Times.

«Барацьба з дэзынфармацыяй і падтрымка свабоды СМІ — гэта два бакі аднаго і таго ж медалю, і мы хочам, каб буйныя тэхналагічныя кампаніі займаліся абедзвюма», — заявіла віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Вера Юрава газеце Financial Times.

«Гэта азначае забеспячэнне даступнасці дакладнай інфармацыі анлайн, а не прапаганды Мінска або Крамля», — дадала яна, крытыкуючы платформы за распаўсюджванне прапаганды з Беларусі і Расіі.

Раней беларускія журналісты скардзіліся камісіі, што кантэнт, які крытыкуе рэжым Лукашэнкі, не дасягае мэтавай аўдыторыі, у прыватнасці, з-за алгарытмаў пошуку Google, Meta і іншых, якія, паводле іх сцвярджэнняў, працуюць з улікам правілаў беларускай цэнзуры.

Юрава выказала свае засцярогі адносна Беларусі ў снежні прэзідэнту па міжнародных справах Google Кенту Уокеру, а ў маі абмеркавала аналагічныя пытанні з галоўным выканаўчым дырэктарам Google Сундарам Пічаі.

Яна звярнула ўвагу на праблемы незалежных СМІ ў Расіі, такія як няздольнасць манетызаваць кантэнт, размешчаны на YouTube у Расіі.

«У ЕС ёсць законы і ініцыятывы, каб пераканацца, што анлайн-платформы робяць правільныя рэчы», — сказала Юрава.

У Google заявілі, што прыкладаюць «усе намаганні, каб ствараць нашы прадукты і выконваць нашы палітыкі такім чынам, каб не ўлічваць палітычныя перавагі». Пошукавая выдача навін будзе ўдасканальвацца, але існуюць «сотні фактараў, якія вызначаюць, якія вынікі паказваюцца», папярэдзілі ў кампаніі.

Nashaniva.com