Топ-4 кандыдаты ў новыя кіраўнікі Адміністрацыі Лукашэнкі пасля сыходу Сергеенкі

Замена пасівелага камандзіра Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі на Ігара Сергеенку адкрывае дарогу ў кіраўнікі Адміністрацыі Лукашэнкі іншым людзям. Кіраўнік АП — гэта пасада галоўнага кантралёра выканання даручэнняў Лукашэнкі і галоўнага кадравіка адначасова. Наш прагноз базуецца на суб'ектыўным адчуванні аўтараў і нашых суразмоўцаў з уладных калідораў. 

17.01.2024 / 12:53

Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі

Максім Рыжанкоў ужо шмат год (з 2016) служыць першым намеснікам у Адміністрацыі, паспеўшы пабыць правай рукой і ў Качанавай, і ў Сергеенкі.

Максім Рыжанкоў, а не Ігар Сергеенка, быў ад Адміністрацыі на нарадзе па падрыхтоўцы новай канцэпцыі нацыянальнай бяспекі 16 студзеня. Скрыншот

Пасля смерці Рыжанкова-старэйшага, міністра спорта, ў 1996-м, Лукашэнка ў пэўным сэнсе замяніў Максіму бацьку. Аддадзены той яму бязмерна. 

Рыжанкоў доўга працуе і ведае ўвесь «прэзідэнцкі народ» у краіне, ніколі сябе не кампраметаваў, ужо дастаткова вырас і набраўся досведу, каб нарэшце самому ўзначаліць Адміністрацыю.

Любы іншы кар'ерны рух будзе для яго паніжэннем. 

Рыжанкову 51 год. 

Валерый Вакульчык, памочнік па Брэсцкай вобласці

Лукашэнка давярае людзям у пагонах. Яны яго не падводзяць. Спецслужбіст Сергеенка выдатна спраўляўся са сваёй работай. 

Вакульчык — вельмі падобны. Ён ужо быў на адказнай кіруючай пасадзе — старшынёй КДБ, — не паставіўшы пад сумнеў сваю лаяльнасць. 

А за апошнія гады спрактыкаваўся ў кадравай рабоце. Памочнікі Лукашэнкі адказваюць за падбор і рэкамендацыю цывільных кадраў у вобласці, падпарадкоўваючыся кіраўніку Адміністрацыі.

Вакульчык справа ад Сяргеенкі. Фота: БЕЛТА

«Брэсцкая вобласць эфектыўна працуе са сваім кадравым рэзервам», — хваліў Вакульчыка ягоны былы падначалены Ігар Сергеенка.

Падазронасць, уменне бачыць двайное дно — важныя якасці для галоўнага кадравіка ў часы, калі ворагі і правакатары абклалі рэспубліку.

Вакульчыку 59 год. 

Уладзімір Каранік, гродзенскі губернатар

Караніку не трэба лішні раз даказваць сваю лаяльнасць: тысячамі неабавязковых смерцяў ад кавіду ён паказаў, чыё слова для яго галоўнае ў жыцці насуперак усім рацыянальным і гуманістычным развагам.

У сферы адказнасці Караніка важныя дзяржаўныя праекты: АЭС, мігранцкія атакі. 

Ён жа справіўся з самай непаслухмянай вобласцю ў гарачыя часы 2020-га: не падвёў, вычысціў, пазвальняў, абяскровіў, навёў санітарыіі і можа сыходзіць з выпаленага поля на павышэнне ў Мінск.

Раней Лукашэнка сам хваліў Караніка, называючы яго «крэпкім кандыдатам» у прэзідэнты. 

Караніку 51 год.

Мікалай Снапкоў, першы віцэ-прэм'ер

Снапкоў — цёрты кадр сістэмы.

Снапкоў гэта не спецыяліст па каналізацыях, а чалавек, які палепш за многіх разбіраецца ў сутнасці і прычынах рэчаў. Асабліва эканамічных.

Мае аўтарытэт у розных колах, можа пераканаць працаваць на сістэму людзей, якія наўрад ці б паслухалі папярэдніх кандыдатаў.

Да таго ж, у Адміністрацыі прэзідэнта ён ужо працаваў на пасадзе намесніка і ведае спецыфіку работы, а ў Савеце міністраў трохі заседзеўся. 

Даць яму кадравую ўладу выглядае магчымым крокам, адаптаваным да рэалій, калі ад кіраўнікоў патрабуецца спалучаць і лаяльнасць, і прафесіяналізм — а яны, прызначаныя па рэкамендацыях папярэдніх кіраўнікоў Адміністрацыі, адзін за адным заязджаюць у СІЗА. 

Снапкову 55 год. 

Nashaniva.com