ГУБАЗіК: Мы вызначылі чырвоныя лініі для злодзея ў законе «Медзвяжонка»

Начальнік ГУБАЗіКа Андрэй Ананенка расказаў у інтэрв'ю выданню «СБ — Беларусь сегодня», якімі метадамі ягонае ведамства змагаецца з крымінальнымі аўтарытэтамі. 

27.03.2024 / 20:53

Андрэй Ананенка

Паводле галоўнага губазікаўца, пад пільнай увагай ягоных супрацоўнікаў цяпер застаюцца шэсць «злодзеяў у законе», трое з якіх адбываюць пакаранне ў месцах зняволення. Пры гэтым двое былі вымушаныя выехаць за межы Беларусі, таму што, маўляў, «ім было некамфортна тут знаходзіцца ў сілу праводзімых намі прафілактычных мерапрыемстваў».

Адзін са «злодзеяў у законе» Мядзведзеў пад мянушкай «Медзвяжонак», паводле слоў Ананенкі, нядаўна вызваліўся, але «разумее, што ў выпадку парушэння пэўных чырвоных ліній ён зноў хутка вернецца за краты».

Увогуле ж на асаблівым кантролі 2-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС у якасці «крымінальных аўтарытэтаў», «смотрящих» і г. д. цяпер нібыта знаходзяцца каля 500 чалавек.

Што тычыцца крымінальных аўтарытэтаў з іншых краін, то супраць іх «выбудаваны эфектыўны алгарытм дзеянняў: аператыўная адпрацоўка і дэпартацыя». Таму нібыта яны ў Беларусь цяпер і не сунуцца, хоць «гадоў з дзесяць таму мы затрымлівалі тут па 20-25 замежных крымінальных лідараў у год». Летась ніводзін з такіх, калі верыць Ананенку, у Беларусь не заязджаў, ды і зладзейскія сходкі тут даўно не адбываліся.

Nashaniva.com