Стрыжак посціць фота з Гродна, а Герасіменя радуецца, што выбралася на Мінскае мора. Што?

Сёння кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак намякнуў, што вярнуўся ў Беларусь. Ён запосціў фота з подпісам «Прывітанне, Горадня!» і пазначыў геалакацыю — цэнтр Гродна. У каментарыях пытаюцца, ці не пакусаў яго скандальна вядомы мастак Аляксей Кузьміч. Што адбываецца?

01.04.2024 / 22:52

Скрыншот фэйсбуку Андрэя Стрыжака

Насамрэч, не толькі Стрыжак сёння паведаміў пра вяртанне на радзіму. Аляксандра Герасіменя, алімпійская прызёрка па плаванні, у інстаграме пахвалілася, што ў яе нарэшце атрымалася выбрацца на Мінскае мора разам з Наталляй Радзінай, галоўнай рэдактаркай «Хартыі'97».

Скрыншот інстаграму Аляксандры Герасімені

Лявон Вольскі ў фэйсбуку перадаў прывітанне з універсама «Цэнтральны». 

Скрыншот фэйсбуку Лявона Вольскага

Юрый Стыльскі сфатаграфаваўся побач з аўтобусам «Уроцлаў-Пінск» і падпісаў: «Рэйс Перамога! Хто сустрэне?». Падпісчыкі адрэагавалі пытаннем: «Цікава, колькі хлопчыкаў у форме зараз пабеглі правяраць інфу?».

Скрыншот інстаграму Юрыя Стыльскага

А вось музыка Сяргей Доўгушаў вырашыў вярнуцца ў краіну самалётам і запосціў фота на фоне надпісу «Welcome to Belarus» у Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Сябры яму падыгралі: «Нечакана было цябе сёння сустрэць у Лошыцкім парку. Дзякуй за каву».

Скрыншот фэйсбуку Сяргея Доўгушава

Канешне, прычына такога раптоўнага прыезду беларусаў на радзіму не ў тым, што камісія па вяртанні пачала добра працаваць. Усё проста: на календары 1 красавіка. Смешныя такія жарты ці сумныя — вырашаць вам.

Чытайце таксама:

«Будзе ведаць, адкуль родам». Беларускі расказалі, як і чаму вярталіся ў Беларусь з-за мяжы нараджаць

«Ледзь не памёр са страху». Айцішнік расказаў, як ездзіў у Беларусь прадаваць кватэру

«Выйшаў з лёгкім шкадаваннем». Беларусы расказалі, як прымалі новае грамадзянства і што рабілі са старым

Nashaniva.com