У Мінску ДАІ мяняе адрас здачы тэарэтычнага экзамена на «правы»

У будынку МРЭА ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама па вуліцы Сямашкі, 17, у месцы, вядомым усім, хто здаваў на правы кіроўцы, днямі пачынаюць рамонт памяшканняў.

12.04.2024 / 12:42

Фота: Наша Ніва

У сувязі з гэтым многія працэдуры цяпер будуць выконвацца па іншым адрасе: пр.Дзяржынскага, 3, кабінет 211 (будынак УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, Уваход з правага тарца будынка), паведамляе ДАІ Мінска ў сваім тэлеграм-канале.

З 16 красавіка ў будынку ДАІ па праспекце Дзяржынскага будуць афармляць заявы на выдачу пасведчання кіроўцы, прымаць тэарэтычны экзамен (як групамі, так і асобна), будзе працаваць фатаграфаванне, пробнае тэставанне па ПДР.

Запіс на практычны экзамен, афармленне дагавораў на прадастаўленне аўтамабіля, выдача гатовых вадзіцельскіх пасведчанняў пасля здачы кваліфікацыйных экзаменаў будуць ажыццяўляцца па вул.Сямашкі, 17, корпус №2.

ДАІ адзначыла, што парадак і месца здачы ўсіх этапаў практычнага экзамену не зменіцца.

Nashaniva.com