Арына Сабаленка: Мы выраслі ў цяжкіх умовах

Другая ракетка свету патлумачыла, чаму ва Усходняй Еўропе поўна зорак тэніса.

16.04.2024 / 13:46

Арына Сабаленка падчас прэс-канферэнцыі 15 красавіка. Фота: Robert Prange / Getty Images

Арына Сабаленка на прэс-канферэнцыі перад стартам турніру ў Штутгарце адказала на вельмі цікавае пытанне. Журналісты папрасілі беларуску растлумачыць, чаму большасць топ-тэнісістак прадстаўляюць краіны Усходняй Еўропы, піша Championat.com.

«Мы ўсе выраслі ў цяжкіх умовах. Мы сапраўды моцныя людзі і байцы. Цяжка сказаць. Гэта адзінае тлумачэнне, якое прыходзіць у галаву. Прынамсі, да мяне гэта дакладна ставіцца. Мне было нялёгка, і я заўсёды змагалася за сваю мару. Думаю, што мы такія як бы ўстойлівыя. Увогуле, не ведаю», — сказала Сабаленка.

Топавых тэнісістак з Усходняй Еўропы, сапраўды, вельмі шмат. А бо гэты рэгіён хоць і ўключае добрую колькасць краін, але амаль усе з іх невялікія па плошчы і з малой колькасцю насельніцтва. Таксама вядучыя тэнісісткі Казахстана маюць расійскія карані.

У топ-10 роўна палова тэнісістак з Усходняй Еўропы: Іга Свёнтак (Польшча), Арына Сабаленка (Беларусь), Алена Рыбакіна (Казахстан), Маркета Вондраўшава (Чэхія) і Алена Астапенка (Латвія). Прычым Свёнтак і Сабаленка з'яўляюцца першай і другой ракеткамі свету, а Рыбакіна — чацвёртая.

Калі браць топ-50 рэйтынгу, то доля спартсменак з Усходняй Еўропы яшчэ павялічыцца. 29 тэнісістак з 50 найлепшых у свеце — з Усходняй Еўропы. Беларуска Вікторыя Азаранка, якая ў 2012 годзе была першай ракеткай свету, займае 25-ы радок.

Варта зрабіць зніжку на тое, што значная частка пералічаных зорак прадстаўляе Расію (дзевяць), Чэхію (сем) і Украіну (пяць), але гэта толькі сведчыць аб развітой школе тэніса ў гэтых краінах. У многіх іншых дзяржавах Усходняй Еўропы яна таксама на годным узроўні.

Разам з тым у топ-50 няма тэнісістак з такіх буйных краін Заходняй Еўропы, як Іспанія і Германія.

Сабаленка трапіла ў спіс самых перспектыўных маладых лідараў Forbes

Арыну Сабаленку другі раз пабачылі ў кампаніі амерыканскага мільярдэра

Арына Сабаленка падзякавала прыхільнікам за падтрымку ў цяжкі час

Nashaniva.com