Чатыры градусы ў класе
з пошты Рэдакцыі
На пазатым тыдні ў класе быў рэкорд — чатыры градусы цяпла. З трынаццаці маіх другакласнікаў на ўрокі хадзіла пяць.
09.02.2010 / 12:33
Працую ў школе трыццаць гадоў. Усякія бывалі зімы. Але такога, як сёлета, не магу прыгадаць. Нават у перабудову і першыя гады незалежнасці, калі была нішчымніца, установы адукацыі ацяплялі лепей.
На пазатым тыдні ў класе быў рэкорд — чатыры градусы цяпла. З трынаццаці маіх другакласнікаў на ўрокі хадзіла пяць. Ды і гэтых як вучыць, калі ў іх насы сінія ад холаду? Якая будзе якасць адукацыі?
І колькі ў раёне такіх старых нерамантаваных школ, як наша. А колькі іх па краіне?
Скардзімся — толку няма. А забі трывогу — цябе саму зробяць вінаватай.
Нават праверка з міністэрства да нас не едзе такім марозам. Як змогуць правяральшчыкі патрабаваць нешта ад настаўніка, калі ён у такіх умовах працуе?