У Курапатах зноў адзначыліся вандалы

04.04.2010 / 21:07

Невядомыя вандалы павалілі ў мемарыяльным комплексе Курапаты пяць крыжоў. Чатыры з іх – на пачатку алеі, а вялізны крыж, на якім замацавана ікона, прытулены да дрэва.

Каля так званай «лавы Клінтана» сляды вогнішча, раскіданае смецце.

Гэта далёка не першы акт вандалізму на месцы народнага мемарыялу. Вандалы не абмяжоўваліся разбурэннем крыжоў. Час ад часу міліцыя распачынае крымінальныя справы за разбурэнне магілаў ахвяраў сталінізму. Але злачынцаў дагэтуль не знайшлі.

Неаднойчы грамадскасць патрабавала ад уладаў усталяваць камеры назірання ў Курапатах, каб нарэшце спыніць акты вандалізму.