Экс‑сяброўка Мэла Гібсана прафінансавала аперацыі 22‑м беларускім дзецям

27.04.2010 / 10:01

Расійская музыкантка з беларускімі каранямі Аксана Грыгор’ева (Чарнуха), якая апошнім часам жыве ў Лос‑Анжэлесе, не збіраецца спыняць сваёй дабрачыннай дзейнасці і будзе надалей фінансаваць лячэнне пацярпелых у выніку Чарнобыльскай катастрофы беларускіх дзяцей.

Вось ужо трэці год запар яна ахвяруе ўласныя ганарары за канцэрты і продаж альбомаў у міжнародную праграму «Дзіцячае сэрца», што дзейнічае ў Беларусі і ва Ўкраіне пры актыўным ўдзеле кардыяхірургаў з ЗША.

Аперацыі на сэрца для беларускіх дзяцей праводзяцца на базе дзіцячага кардыяцэнтра РНПЦ «Кардыялогія». Сёлета 39‑гадовая піяністка і спявачка пералічыла на рахунак праекта 100 тысяч даляраў — грошы за яе сольны канцэрт у Лос‑Анджэлесе.

Аксана хоча неўзабаве наведаць Мінск і сустрэцца з тымі 22 беларускімі дзецьмі, якім ужо правялі складаныя кардыялагічныя аперацыі, а таксама пабачыць тых, каму гэтыя аперацыі прызначаныя сёлета на травень. Пра гэта яна паведаміла ў размове з журналістамі ў Маскве.

На мінулым тыдні ў расійскай сталіцы музыкантка ўзяла ўдзел ў дабрачынным канцэрце «Падары жыццё», сродкі ад якога пойдуць на лячэнне анкалагічна хворых дзяцей.

На пытанне, чаму яна вырашыла аказваць дапамогу чарнобыльскім дзецям, Аксана адказала: «У мяне ёсць уласныя дзеці, і я з спачуваннем стаўлюся да іншых маці з дзецьмі…

Мне пашанцавала, што я ў стане дапамагчы гэтым дзецям і я маю гонар рабіць гэта».

Паводле СМІ, ні канцэрт Грыгор’евай у Маскве, ні яе праграма не былі адкрытымі для шырокай публікі і прэсы.