ДАІ з прычыны спёкі заклікае аўтамабілістаў быць асабліва ўважлівымі

11.06.2010 / 13:24

Упраўленне ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама ў сувязі з гарачым надвор’ем заклікае ўсіх удзельнікаў дарожнага руху быць уважлівымі на дарогах сталіцы.

«Кіроўцам транспартных сродкаў, якія па стане здароўя адчувальны да рэзкіх змен умоў надвор’я, пажадана адмовіцца ад кіравання транспартным сродкам», — гаворыцца ў паведамленні аддзела па агітацыі і прапагандзе УДАІ.

Акрамя гэтага, Дзяржаўтаінспекцыя заклікае бацькоў не пакідаць дзяцей у аўтамабілях на працяглы час з‑за пагрозы цеплавога ўдару. Пешаходаў — быць больш уважлівымі пры пераходзе праезнай часткі.

Паводле інфармацыі ДАІ, за мінулыя суткі ў Мінску зарэгістравана 139 ДТЗ, у адным з якіх траўмы атрымаў адзін чалавек. Затрымана 13 кіроўцаў у стане алкагольнага ап’янення, 9 — якія не мелі права на кіраванне, 117 — пакараны за перавышэнне хуткасных рэжымаў руху, 124 — за парушэнне праезду пешаходных пераходаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 187 пешаходаў‑парушальнікаў.