У Гродне на свет з’явіліся шпакі‑альбіносы

Унікальнасць з'явы заключаецца ў тым, што птушаня‑альбінос з’яўляецца прыблізна ў адным выпадку на мільён!

18.06.2010 / 11:30

У Гродне на вуліцы Пушкіна з’явіліся на свет шпакі‑альбіносы.

Колькі гадоў таму сям’я Ганны Маскалёвай паставіла побач са сваім балконам некалькі шпакоўняў. А сёлета, у адной іх, на свет з’явіліся адразу два шпакі‑альбіносы.

Альбінізм ‑‑ рэдкая з’ява ў жывёльным свеце. Як у любога альбіноса, у іх адсутнічае пігментацыя. Вочкі і лапкі здаюцца ружовымі дзякуючы сетцы маленечкіх крывяносных сасудаў, што падступаюць да паверхні.

Альбіносы рэдка выжываюць. Звычайна нават суродзічы адвяргаюць іх. Хаця бацькі гэтых шпачкоў не кінулі і пастаянна прыносяць ім ежу.

Каб іх не задзяўблі вароны, Ганна пасяліла птушанятак у сябе на балконе.

На думку кіраўніка Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Дзмітрыя Вінчэўскага, птушаня‑альбінос з’яўляецца прыблізна ў адным выпадку на мільён.