No Woman No Cry

Апазіцыя пакуль не прыйшло да галавы разглядаць каго-небудзь з жанчын у якасці кандыдаткі на прэзідэнта. Піша Віталь Тарас.

28.09.2010 / 11:19

Апазіцыя пакуль не прыходзіла да галавы разглядаць каго-небудзь з вядомых грамадскіх актывістак у якасці кандыдаткі на прэзідэнты. Піша Віталь Тарас.

Можа быць, Алене Макоўскай, лідэрцы кампаніі «Будзьма»,
удасца змяніць уяўленне пра ролю жанчынаў у дзяржаве?

«Няма жанчыны — няма слёз» — назва фільма маладой кінадакументалісткі з Харватыі. На каталіцкім фестывалі «Магніфікат-2010» у Глыбокім гэты фільм быў прызнаны найлепшым дэбютам. Прысвечана стужка праблеме цэлібату і стаўленню да яе юнакоў, а таксама маладых святароў. А названы ён цытатай з песні No Woman No Cry Боба Марлі.

Узгадаў я гэты фільм, які не мае ніякага дачынення да палітыкі, калі даведаўся, што санітарка санаторыя «Чонкі» Наталля Старыкава знялася з сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. Не хачу нічога казаць пра асобу гэтай жанчыны (тым больш, што мы нічога пра яе, па сутнасці, і не ведаем). А таксама разважаць на тэму, хто і дзеля чаго падказаў санітарцы, якая «целам і душой» падтрымлівае дзейнага кіраўніка дзяржавы, вылучыць сваю кандыдатуру на вышэйшую пасаду ў дзяржаве. Тут і так усё зразумела.

Факт, аднак, застаецца, фактам — хто з кандыдатаў ні пераможа на выбарах, прэзідэнтам Беларусі жанчына не будзе. І, думаецца, яшчэ шмат гадоў.

Зміцер Панкавец выказаў думку, што вялікая колькасць самых розных, у тым ліку, «адвязаных» кандыдатаў сведчыць пра адсутнасць страху ў беларускім грамадстве. Можа, і так. Але паміж палітычнай, так бы мовіць, раскаванасцю і еўрапейскасцю палітыкаў — дыстанцыя вялікага памеру.

Веймарская рэспубліка ў Германіі ў 1919 г. упершыню дала нямецкім жанчынам права галасаваць і ўдзельнічаць у выбарах. У выніку ў склад першага дэмакратычнага Рэйхстага была абрана 41 жанчына. У працэнтных адносінах да ўсіх членаў парламента гэтая лічба застаецца непераўзыйдзенай да сёння. Вядома, праўда, чым скончылася Веймарская рэспубліка…

Вядома, што жанчыны ёсць і ў складзе палаты прадстаўнікоў — іх абіраюць паводле негалоснай квоты. Зрэшты, да палітыкі і дэмакратычных выбараў гэта ўвогуле не мае дачынення.

Не будзем згадваць канцлера Ангелу Меркель і колішняга прэм’ера Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр. Ёсць і больш блізкія да нас прыклады — у Латвіі і Літве. У гісторыі постакмуністычнай Польшчы ўрад гэтай краіны ўзначальвала Ганна Сухоцка. Прэм’ерам Украіны зусім нядаўна была Юлія Цімашэнка, якая зусім няшмат саступіла на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах Віктару Януковічу.

Была жанчына-прэм’ер у Малдове. Спікерам грузінскага парламента была Ніно Бурджанадзе.

Ну, а далей? Далей пачынаецца Азія. Праўда, і там, у Кыргызстане, мы бачым на прэзідэнцкай пасадзе Розу Атунбаеву…

Жанчыны, вядома, адыгрываць агромністую ролю і ў жыцці беларускага грамадства, але — не палітычным.

Уражанне такое, што дзеячам апазіцыі ніколі нават не прыходзіла да галавы разглядаць каго-небудзь з вядомых грамадскіх актывістак ці проста сімпатычных і энергічных жанчын у якасці рэальнай кандыдаткі на прэзідэнты.

Пры ўсіх нашых прэтэнзіях на еўрапейскасць нас куды больш цікавяць спадніцы (а некаторых яшчэ больш тое, што пад імі) на беларускіх баскетбалістках, чым роля жанчын у палітыцы.

Наталлі Старыкавай, можна сказаць, пашанцавала — Цэнтрвыбаркам, згодна з законам, выратаваў яе ад ганьбы і шматлікіх кпінаў з боку нашага брата-журналіста. Але, думаю, рэальнымі змены ў Беларусі стануць толькі тады, калі сярод прэтэндэнтаў на ўладу з’явіцца жанчына і калі ўсе ўспрымуць гэта нармальна.

Віталь Тарас