Ірландыя падыме падаткі і скароціць зарплаты

25.11.2010 / 11:30

Урад Ірландыі прадставіў план па скарачэнні бюджэтных выдаткаў, які павінен дапамагчы краіне атрымаць крэдыт на 85 млрд еўра ад МВФ і Еўрасаюза. За найбліжэйшыя чатыры гады Ірландыя плануе скараціць дэфіцыт бюджэту на 15 мільярдаў еўра.

Асноўны ўпор будзе зроблены на эканоміі: скараціць выдаткі плануецца на 10 млрд еўра. Яшчэ 5 млрд будзе атрымана за кошт увядзення новых падаткаў. У выніку дэфіцыт бюджэту Ірландыі павінен скараціцца да 3% ВУП: менавіта такая мяжа ўсталяваная для краін, якія ўваходзяць у еўразону. У 2010 дэфіцыт бюджэту Ірландыі з улікам выдаткаў на выратаванне банкаў можа скласці 32%, што з’яўляецца рэкордам для ЕС.

Расходы на аплату працы скароцяцца ў Ірландыі на 2,8 млрд даляраў, што можа пакінуць без працы да 24 тысяч дзяржслужбоўцаў. Яшчэ 1,9 млрд еўра ўрад атрымае ад павышэння падаходнага падатку. Акрамя таго, у Ірландыі будзе ўведзены водны падатак, падатак на маёмасць, а падатак з продажаў павялічыцца з 21 да 22% у 2013 годзе і да 23% у 2014-м.

У той жа час падатак на даходы кампаній застаўся ў Ірландыі на ўзроўні 12,5%. Многія еўрапейскія дзяржавы лічылі, што менавіта яго і трэба падвышаць, бо ён стварае вялікія перавагі для вядзення бізнэсу менавіта ў Ірландыі, а не ў іншых краінах ЕС. Тым не менш, у Ірландыі сказалі, што ад нізкага падатку адмаўляцца не будуць.

Крызіс у Ірландыі абвастрыўся ў лістападзе 2010. Спачатку ўрад краіны заяўляў, што зможа даць яму рады сам, аднак пасля ўсё ж папрасіў дапамогі ў ЕС і МВФ. Цяпер па пытаннях выдзялення крэдыту ідуць кансультацыі.