Лукашэнка абяцае кардынальныя змены ў кантрольнай дзейнасці

06.12.2010 / 18:32

Пра гэта ён заявіў, выступаючы 6 снежня на IV Усебеларускім народным сходзе.

Кантрольныя органы не павінны быць тормазам для развіцця дзелавой ініцыятывы, падкрэсліў прэзідэнт. Лукашэнка зазначыў: пакуль ён не гатовы сказаць, што будзе зроблена ў найбліжэйшыя год-два ў кантрольнай дзейнасці, але пры гэтым гарантаваў «кардынальныя змены».

«У найбліжэйшыя год-два мы ўсякія маніторынгі і праверкі прывядзем да агульнай роўніцы. Ісці трэба толькі туды, дзе ты ўпэўнены, што там у цябе ёсць праца», — заявіў Лукашэнка.

«Не трэба садзіць дзесяць работнікаў ад пракуратуры, МУС, кантрольных органаў, і яны будуць лапаціць гэтую арганізацыю цэлы месяц. Так было заўсёды, але быць не павінна і не будзе», — дадаў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, на праверках часам губляецца больш, чым атрымліваецца ў выніку гэтых праверак, «нават калі пераводзіць у грашовае вылічэнне», падкрэсліў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, «трэба прынцыпова паглядзець на кантрольную сістэму». Рашэнне будзе прынята ў першай палове 2011 года, паабяцаў прэзідэнт.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН