Як Расія дарыць Беларусі эстэтыку самабытнасці

У пачатку 90-х магло здавацца, што каб атрымаць самабытныя сымбалі, новая незалежная Беларусь мусіць ірваць з сымбалямі агульнасавецкімі. Але праз дваццаць гадоў мы бачым, што можна было проста стаяць на месцы, каб на фоне зьмяніўшагася і пайшоўшага наперад сьвету так і так зрабіцца адметнымі

08.02.2011 / 10:24

«Now, here, you see, it takes all the running you can do, to keep in the same place. If you want to get somewhere else, you must run at least twice as fast as that!» («Аліса ў Краіне цудаў»).

«"Милиция" звучит довольно жутко. Мерещатся фуражка, труп и бирка, стул, протокол, зловонная дежурка, мигалка, кафель, взятка и дубинка. Полиция приносит дух Европы, другое семантическое поле: душистый газ, изысканные копы, стрельба в ночи, поимка Аль Капоне… Быть жертвою расправы милицейской способен даже бомж багрянолицый; когда ж тебя терзает полицейский — ты пребываешь как бы за границей!» (Дзьмітрый Быкаў)

Прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў нарэшце падпісаў закон «Пра паліцыю».

Нічога рэвалюцыйнага, мяркуючы па ўсім, гэты закон як законадаўчая норма, як можна было і чакаць, не нясе. Каб рэфармаваць гнілыя постсавецкія інстытуты, трэба дзейнічаць так, як нелюбімы, але апошнім часам нешта падзабыты расійскімі дзяржаўнымі медыямі М. Саакашвілі. Свае пераўтварэньні ён сапраўды пачаў з радыкальнай рэформы паліцыі, і яе важным элемэнтам было, напрыклад, звальненьне паловы штату з наступным наймам цалкам новых людзей з нуля, аб чым тут размовы няма і не магло быць у прынцыпе.

Але я не пра гэта, я — пра эстэтыку і пра сымбалі.

Канечне ж, самым яскравым эфэктам згаданай рэформы будзе вяртаньне паліцэйскай службе спрадвечнай дарэвалюцыйнай назвы «паліцыя». Хоць на эстэтычным узроўне, але Расея яшчэ на крок адыйдзе ад савецкага мінулага (своечасова пачалася і ініцыяваная партыяй улады хваля дыскусій аб пахаваньні цела Ў. Леніна).

Хто ведае, раптам містычным чынам спрацуюць гэтыя паганскія рытуалы, і Расея з пахаваным Леніным і «господами полицейскими» замест савецкіх «ментов» зазнае лёс лепшы, чым угатаваны ёй пасьля суіцыдальнага дваццатага стагодзьдзя.
Пагатоў, калі містыка, карга-культ і звыклы «авось» застаецца крыніцаю бадай што найбольшых надзеяў для людзей, якія шчыра перажываюць за лёс гэтай вялікай краіны.

Беларусь жа на гэтым фоне сымбалічна яшчэ на адзін крок апыноўваецца ззаду, у савецкім мінулым:

з савецкімі дзяржаўнымі сымбалямі і з пампэзнымі Зьездамі кожныя пяць гадоў;

з горадам Дзяржынскам і вуліцамі Леніна і Маркса ў кожным мястэчку;

са сьвятам Кастрычніцкай рэвалюцыі і «рублём» у якасьці валюты,

з «КДБ» — а цяпер яшчэ і савецкай «міліцыяй» на вуліцах.

І канечне ж, што непараўнальна горш — з тымі самымі застаўшуюся ад СССР цалкам рэальнымі цэнзурай у СМІ, несвабоднымі выбарамі і бяздарнай плянавай эканомікаю.

У пачатку 90-х магло здавацца, што каб атрымаць уласны твар, уласную нейкую тоеснасьць, новая незалежная Беларусь мусіць ірваць з гэтымі агульнасавецкімі маркерамі, штодзённымі і побытавымі сымбалямі, ад касаваньня зварота «таварыш» да перайменаваньня «старшынь гарвыканкамаў» у «бурмістраў», а «абласьцей» у «вайводзтвы».

Але

праз дваццаць гадоў мы бачым, што можна было проста стаяць на месцы, каб на фоне зьмяніўшагася і пайшоўшага наперад сьвету так і так зрабіцца адметнымі і самабытнымі
 — ператварыцца ў жывы музэй, жывы СССР-2011.

Забаўна, у 1990 годзе Расея прыняла дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце на паўтара месяцы раней за Беларусь. Навязаўшы Беларусі бальшавізм у 1919 г., сама Расея першаю жа ад яго і вызваляецца. А Беларусь так і йдзе далей у будучыню, не зрухаючыся зь месца.

Алесь Чайчыц