Пададзеная заяўка на правядзенне ў Менску гей-параду

«Марш раўнапраўя» прымеркаваны да Міжнароднага дня супрацьстаяння гамафобіі 17 траўня.

04.03.2011 / 15:47

Актывісты гей-руху Беларусі падалі ў Мінскі гарвыканкам заяву на правядзенне шэсця «Марш раўнапраўя», прымеркаванага да Міжнароднага дня супрацьстаяння гамафобіі 17 мая.

Заяўнікамі маршу выступілі 5 актывістаў арганізацыі IDAHO Belarus.

Мэта «Маршу раўнапраўя» — выступ у падтрымку правоў чалавека і грамадзянскага раўнапраўя для ўсіх людзей незалежна ад этнічнай прыналежнасці, рэлігійных і культурных перакананняў, сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці.

«Марш раўнапраўя — акцыя для кансалідацыі розных меншасцяў у Беларусі, якія часта зазнаюць дыскрымінацыю ў той ці іншай ступені. На гэты раз мы вырашылі не вырываць з кантэксту правоў чалавека права ЛГБТ-супольнасці, таму ў мэтах шэсця паказалі вялікі сьпіс груп меншасцяў: гэта і нацыянальныя меншасці, і моўныя, інваліды і пажылыя людзі, сэксуальныя меншасці і людзі рознай гендэрнай ідэнтычнасці. Гэта мае знізіць узровень агрэсіі з боку гамафобна настроеных грамадзян», — заявіў адзін з арганізатараў «Маршу раўнапраўя» Сяргей Прадзед.

Дадзены марш пройдзе ў рамках «Фэсту раўнапраўя», які IDAHO Belarus плануе правесьці з 14 па 17 мая.