Замежнікі выводзяць свае актывы з беларускіх прадпрыемстваў

Выказваюцца здагадкі, што гэта звязана з падзеямі на «Пінскдрэве».

05.04.2011 / 11:03

У апошнія 4–5 месяцаў замежнікі пачалі актыўна прадаваць свае актывы, якія знаходзяцца на тэрыторыі РБ.
Амаль усе прадпрыемствы, якія сёння прадаюцца па кошце ад 3 млн еўра, — гэта замежныя актывы, у прыватнасці, такіх краін, як Германія, Вялікабрытанія і інш.

Пра гэта паведаміў дырэктар мінскага офіса бізнэс-агенцтва «Ваша фірма» (Расія) Юрый Эбер падчас IV штогадовай практычнай канферэнцыі «Рынак аконных, дзвярных і фасадных канструкцый у Рэспубліцы Беларусь — 2011».

Чым выкліканае такое ажыўленне, аналітык не ўдакладніў. Але ўдзельнікі мерапрыемства выказалі здагадкі, што падставай для згортвання бізнэсу ў Беларусі паслужылі падзеі ў холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў».

Паводле ацэнак аналітыкаў «Вашай фірмы», за апошні год колькасць выстаўленых на продаж гатовых прадпрыемстваў або фірмаў вырасла больш чым у 3 разы. Кошт аб’ектаў знізіўся прыкладна на 20%. А апошнім часам, як заўважыў Ю. Эбер, прапанова прапанаваных на продаж прадпрыемстваў штомесяц прырастае на 15%.