Расея падвышае да рынкавага ўзроўню і чыгуначныя тарыфы для Беларусі

Гэтае рашэньне расейскага ўраду палягае ў рэчышчы пастановы аб увядзеньні экспартнага мыта на пастаўкі нафты ў Беларусь.

13.12.2006 / 19:39

11 сьнежня прэм'ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў падпісаў распараджэньне, паводле якога тарыфы на перавозку грузаў па чыгунцы ў адносінах зь Беларусьсю падвышаюцца да рынкавага ўзроўню.

Адпаведным міністэрствам загадана падрыхтаваць праект пагадненьня па гэтых пытаньнях да 1 лютага 2007 году.

У распараджэньні кіраўніка расейскага ўраду зьмена чыгуначных тарыфаў матывуецца спыненьнем дзеяньня пагадненьня 2002 году паміж Расеяй і Беларусьсю аб стварэньні роўных умоваў у цэнавай палітыцы.

Гэтае рашэньне расейскага ўраду палягае ў рэчышчы пастановы аб увядзеньні экспартнага мыта на пастаўкі нафты ў Беларусь.

Фота photo.bymedia.net

Радыё Свабода