Мартынаў паляцеў у Маскву

20.06.2011 / 11:12

20 чэрвеня ў Маскве пройдуць перамовы міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі Сяргея Мартынава і Сяргея Лаўрова.

Як паведамляла раней прэс-служба МЗС Беларусі, бакі абмяркуюць шырокае кола пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, ход рэалізацыі праграмы ўзгодненых дзеянняў у сферы знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2010—2011 гады.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Аляксандр Лукашэвіч напярэдадні візіту Мартынава ў Маскву паведаміў, што "будуць абмеркаваны магчымасці пашырэння і паглыблення далейшай сумеснай працы ў межах інтэграцыйных структур на прасторы СНД, у прыватнасці ў межах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы з прыцэлам на фарміраванне Еўразійскага эканамічнага саюза".

Міністры таксама абмяркуюць перспектывы расійска-беларускага ўзаемадзеяння ў фармаце АБСЕ і іншых міжнародных рэгіянальных арганізацый.