Рукі ў кішэнях — парушэнне парадку

Валерыя Хоціна вярнулася з доўгатэрміновага спаткання з Мікалаем Дзядком.

19.09.2011 / 20:58

14 верасня маладыя людзі зарэгістравалі шлюб за кратамі. «Усё прайшло вельмі добра і хутка, — паведаміла Валерыя Хоціна. — А 9 раніцы забралі з ЗАГСа рэгістратарку і паехалі ў калонію. Рэгістратарка нам пажадала, каб хутчэй уз’ядналіся на волі.

У Міколы ўсё добра. На дзень нараджэння яму аформілі парушэнне — трымаў рукі ў кішэнях. Мы яшчэ не ведалі, што 14-га вызвалілі хлапцоў з ПК-15, Малчанава і Буланава, з якімі Мікола надта сябраваў. Казаў, што 17-га возьме шакаладку і пойдзе да іх ў госці, абмеркаваць навіны. Але, як аказалася, ісці ўжо няма да каго... Засталіся яны там утрох — Мікола, Васьковіч, што пастаянна ў ізалятары, ды Бандарэнка, які ляжыць ў санчастцы».

Мікола Дзядок быў усуджаны на чатыры гады і шэсць месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён абвінавачваўся ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця пад Генеральным штабам, нападзе на шэраг будынкаў з групай анархістаў. Вінаватым сябе не лічыць.

КМ