Смелы Румас: Сітуацыя ў краіне – гэта ганьба

Ён прызнаў, што ва ўрадзе і Нацбанку ёсць шмат уплывовых праціўнікаў адзінага курсу рубля.

21.10.2011 / 10:07

Віцэ-прэм’ер працягвае адважнічаць.

Сяргей Румас адзіным з адміністрацыі адкрыта прызнае памылкі ў ранейшай эканамічнай палітыцы.
На пасяджэнні Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях ён папярэдзіў дырэктараў і прафсаюзнікаў, што дзяржава не зможа аказваць такую ж падтрымку, як гэта было раней.
«Перабралі меру з аказаннем дзяржпадтрымкі, — сказаў ён.
 — У нас большасць сядзела на дзяржпадтрымцы».

Ён прызнаў і тое, што

краіна неканкурэнтаздольная па ўмовах для бізнесу.
Ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы гэта пагражае небяспекамі. «Мы адстаем у гэтым працэсе, Расія, нават Казахстан сёння стварылі значна лепшыя ўмовы», — прызнаў ён.

Ён выказаў сваё перакананне, што

зараз галоўнае — не дапусціць узнікнення спіралі «інфляцыя — дэвальвацыя».
Нельга дапусціць, каб пасля павышэння цэнаў павышаліся заработныя платы, людзі на павышаныя заробкі куплялі тавары, валюту, а затым зноў падвысяцца цэны, і зноў трэба павышаць заработную плату». У гэты складаны перыяд, лічыць ён, «трэба пацярпець». Неабходна даць упэўненасць ўсім удзельнікам рынку, людзям, прадпрыемствам, што ва ўрада ёсць воля стрымаць гэтыя працэсы.

Сяргей Румас прызнаў, што

рашэнне аб выхадзе на адзіны курс рубля давалася вельмі цяжка. Было шмат праціўнікаў гэтага нават ва ўрадзе і ў Нацыянальным банку.
«Але мы зрабілі гэта і, паверце, курс будзе ўмацоўвацца», — лічыць ён. Пакуль складана сказаць, да якога ўзроўню, але на гэтым узроўні, які зараз склаўся, ён не застанецца, упэўнены віцэ-прэм’ер.

Румас абрынуўся з ускоснай крытыкай на ранейшы курс, калі шляхам пампавання грошай у будаўніцтва набіралі рост валавога ўнутранага прадукту і заваёўвалі падтрымку насельніцтва. Нельга дапусціць таго, каб «па-ранейшаму друкаваліся грошы для будаўніцтва жылля», — сказаў Румас. Паводле яго слоў,

«уся краіна за жыллё заплаціла дэвальвацыяй».
«Хтосьці атрымаў кватэру, а ў кагосьці абясцэніўся ўклад», — канстатаваў віцэ-прэм’ер.

У цэлым віцэ-прэм’ер лічыць, што

інфляцыя ў Беларусі «гэта ганьба для ўрада, таму мы цалкам ўсведамляем адказнасць за сітуацыю, якая ёсць, і бачым прычыны, якія прывялі да яе».
Цяпер урад імкнецца выправіць гэтую сітуацыю, падкрэсліў ён.

Зусім іншую рыторыку ўжывае іншы віцэ-прэм’ер Беларусі, Анатоль Тозік. Тозік перакананы, што ў эканоміцы ёсць праблемы, але крызісу ў краіне няма.

«Мы займаемся цяпер рашэннем дзвюх задач: вывадам краіны з праблемнага перыяду і забеспячэннем выхаду на ўстойлівае развіццё ў 2012 годзе. Я ўжыў тэрмін «праблемны», бо ў нас ёсць праблемы, але ніякага крызісу ў краіне няма», — заявіў А. Тозік, выступаючы перад дэпутатамі верхняй і ніжняй палат парламента ў пятніцу.

Паводле словаў Тозіка, за студзень-жнівень рэальныя даходы насельніцтва выраслі на 7,4%. Як той казаў, каментары тут непатрэбныя.