«Днём і ноччу ў хаце варта — КДБ»

«Дзеяслоў» надрукаваў «турэмныя» вершы Уладзіміра Някляева.

31.10.2011 / 18:05

Выйшаў свежы нумар часопіса «Дзеяслоў». Андрэй Федарэнка надрукаваў запісы «Сечка-15», Віктар Казько — нізку апавяданняў «Пра Моцю».

Апублікавана паэтычная нізка Уладзіміра Някляева «Лісты да Волі».

Гэта вершы, напісаныя паэтам у турме КДБ і пад хатнім арыштам.

Нечакана легла карта

Мне й табе.

Днём і ноччу ў хаце варта

КДБ.

У нумары — невядомыя юнацкія вершы Анатоля Сыса. Прадмову да іх напісаў з-за кратаў Алесь Бяляцкі.

Друкуюцца творы і пераклады пераможцаў конкурсу, прысвечанага 100-годдзю Чэслава Мілаша.

Леанід Галубовіч напісаў «Штрыхі да творчага партрэта Анатоля Вярцінскага».

Да часопіса прыкладзены дыск з дакументальным фільмам тэлеканала «Белсат» «Няскораная» пра Ларысу Геніюш.

КМ